Плач Ераміі 4

1

Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях.

2

Сыны Сіёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп’е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара!

3

І шакалы падсоўваюць смочкі і кормяць сваіх дзяцей, а дачка народу майго цяпер жорсткая, як у пустыні страўсы:

4

язык немаўлят да гартані ад смагі ліпне; дзеці благаюць хлеба, і не падае ім ніхто.

5

Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць.

6

Правіны дачкі народе майго большыя за грэх Садомы: тая зьнішчана вокаімгненна, бяз дотыку рук чалавечых.

7

Яе князі былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако; целам былі прыгажэйшыя за карал, выгляд іх быў, як шафір;

8

а цяпер цямней за ўсё чорнае твар у іх; не пазнаюць іх на вуліцы; скура ў іх да касьцей іх прыліпла, уся перасохла, як дрэва.

9

Тыя, каго забіваюць мечам, шчасьлівейшыя за забіваных голадам, ападаюць у сіле з голаду, бо ім пладоў нестае палявых.

10

Пяшчотныя колісь жанчыны дзетак сваіх гатавалі, каб пракарміцца імі ў часе пагібелі дачкі народу свайго.

11

Спраўдзіў Гасподзь Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сіёне агонь, які зжэр асновы яго.

12

Ня верылі цары зямныя і ўсе жывыя ў сусьвеце, каб вораг і непрыяцель увайшоў у браму Ерусаліма.

13

Усё гэта — за грахі ілжэпрарокаў, за беззаконьні яго сьвятароў, што пралівалі кроў праведнікаў;

14

бадзяліся, як сьляпыя па вуліцах, крывёй апаганьваліся, аж немагчыма было дакрануцца да вопраткі іхняй.

15

"З дарогі! нячысты ідзе!" крычалі паперадзе іх; "сыдзеце ўбок, сыдзеце ўбок! не дакранайцеся!"; і саступалі ўбок; а людзі казалі: "іх болей ня будзе!

16

Гасподзь іх між люду расьцярусіў; Ён іх больш не дагледзіць", бо яны сьвятароў не шануюць, бо не шкадуюць старцаў.

17

Стаміліся нашыя вочы чакаць дапамогі марнае; з вежы дазорнай чакалі народу, які нас ня выратаваў.

18

А яны цікавалі за крокамі нашымі, каб не маглі мы хадзіць па вуліцах нашых; зблізіўся наш канец, дні нашы споўніліся; настала наша пара.

19

Ганіцелі нашы былі шыбчэйшыя за нябесных арлоў; ганяліся за намі па горах, ставілі пасткі на нас у пустыні.

20

Дыханьне жыцьця нашага, памазанец Гасподні злоўлены ў яму іхнюю, той, пра якога казалі мы: пад яго шатамі жыцьмем сярод народаў.

21

Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара; уп’ешся й аголішся.

22

Дачка Сіёна! скончыцца кара за беззаконьне тваё; Ён цябе болей ня гнацьме; а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго.