Плач Ераміі 3

1

Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:

2

Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.

3

Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;

4

выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;

5

абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;

6

пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;

7

акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,

8

і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;

9

крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сцежкі мае.

10

Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;

11

скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;

12

напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;

13

паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.

14

Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.

15

Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;

16

скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.

17

І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,

18

і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.

19

Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.

20

Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.

21

Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:

22

зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:

23

ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!

24

Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.

25

Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.

26

Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.

27

Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;

28

сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;

29

кладзе вусны свае у пыл, думаючы: "магчыма, яшчэ ёсьць надзея";

30

падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б’е, здавальняецца ганьбаваньнем,

31

бо не навек пакідае Гасподзь.

32

Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.

33

Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.

34

Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

35

калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,

36

калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?

37

Хто гэта кажа: "І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць"?

38

Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?

39

Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.

40

Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.

41

Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:

42

мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:

43

Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;

44

Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;

45

сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.

46

Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.

47

Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне — доля наша.

48

Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народу майго.

49

Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,

50

пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.

51

Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.

52

Па-ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;

53

укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.

54

Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: "загінуў я".

55

Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.

56

Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!

57

Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!

58

Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.

59

Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.

60

Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;

61

Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,

62

словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.

63

Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх — песьня.

64

Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;

65

пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;

66

перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.