Плач Ераміі 2

1

І як спахмурніў Гасподзь у гневе Сваім дачку Сіёна! скінуў зь нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.

2

Загубіў Гасподзь усе селішчы Якава, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў царства і князёў ягоных, як нечысьць;

3

У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу Сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якаве, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навакол;

4

напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае; на палатку дачкі Сіёна выліў лютасьць Сваю, як агонь.

5

Гасподзь зрабіўся — як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач.

6

І адабраў агароджу Сваю, як у садзе; разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Гасподзь забыць на Сіёне сьвяты й суботы; і ў абурэньні гневу Свайго адкінуў цара і сьвятара,

7

Адкінуў Гасподзь ахвярнік Свой, адвёў сэрца Сваё ад сьвятыні Сваёй, аддаў у рукі ворагаў сьцены храмаў яго; у доме Гасподнім шумелі, як у сьвята.

8

Гасподзь пастанавіў разбурыць мур дачкі Сіёна, шнур працягнуў, ня ўхіліў рукі Сваёй ад спусташэньня; зьнішчыў вонкавыя ўмацаваньні, і сьцены разам разбураны.

9

Брамы яе аселі ў зямлю; Ён разбурыў і скрышыў завалы яе; цар яе і князі яе ў язычнікаў; ня стала закону, і прарокам яе няма ўяваў ад Госпада.

10

Маўкліва сядзяць на зямлі старцы дачкі Сіёнавай, пасыпалі попелам сваю галаву, вярэтаю аперазаліся; панурылі голаў сваю да зямлі дзевы Ерусалімскія.

11

Выплакала я мае вочы, і хвалюецца ўва мне нутроба мая, выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада.

12

Сваім мацеркам кажуць яны: "дзе хлеб і віно?" паміраючы, падобна параненым на вуліцах гарадскіх, выліваючы душы свае ва ўлоньне сваіх мацярок.

13

Што скажу я табе, з чым параўнаю цябе, дачка Ерусаліма? да чаго прыпадобню цябе, каб суцешыць цябе, дзева, дачка Сіёна? бо рана твая вялікая, як мора, хто можа цябе ацаліць?

14

Прарокі твае вяшчалі табе пустое, ілжывае і беззаконьня твайго не выкрывалі, каб папярэдзіць твой лёс, і звеставалі табе ілжыва, што прывяло цябе да выгнаньня.

15

Рукамі пляскаюць над табою праходжыя, сьвішчуць і круцяць галавой з дачкі Ерусаліма, кажучы: "ці той гэта горад, што называўся дасканаласьцю хараства, радасьцю ўсёй зямлі?"

16

Разьзявілі на цябе пашчу сваю твае ворагі, сьвішчуць, скрыгочуць зубамі, кажучы: "праглынулі мы яго, толькі гэтага дня і чакалі мы, дачакаліся, убачылі!"

17

Зьдзейсьніў Гасподзь, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бязь літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў.

18

Сэрца іх лямантуе да Госпада: сьцяна дачкі Сіёна! лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх.

19

Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты; вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц.

20

"Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся: каму так зрабіў, каб елі жанчыны свой плод, немаўлятак, выкармленых імі? каб забівалі ў Гасподнім сьвяцілішчы сьвятара і прарока?

21

Дзеці і старцы ляжаць на зямлі ў пыле; дзевы мае і хлопцы загінулі ад меча; у дзень гневу Твайго ты іх біў, заколваў бязь літасьці".

22

Ты склікаў адусюль, як на сьвята, жахі мае, і ў дзень гневу Гасподняга не ўратаваўся ніхто, не ацалеў аніхто; тых, каго выкарміла і ўзгадавала я, вораг мой вынішчыў.