Ярэмія 9

1

О, хто дасьць галаве маёй ваду, і вачам маім — крыніцу сьлёз! я дзень і ноч плакаў бы па забітых у дачкі народу майго.

2

О, хто даў бы мне ў пустыні прыстанак дарожны! пакінуў бы я народ мой і сышоў бы ад іх: бо ўсе яны пералюбнікі, зграя вераломных.

3

Як лук, напінаюць язык свой дзеля ілжы, мацуюцца на зямлі няпраўдаю; бо пераходзяць ад аднаго ліха да другога, і Мяне ня ведаюць, кажа Гасподзь.

4

Трымайцеся кожны сябра свайго, і не давярайце ніводнаму з братоў сваіх; бо кожны брат ставіць спатыку другому, і кожны сябар пераносіць паклёпы.

5

Кожны ашуквае сябра свайго, і праўды ня кажуць; прывучылі язык свой гаварыць ману, хітруюць да стомы.

6

Ты жывеш сярод падступнасьці; з падступнасьці яны адмаўляюцца ведаць Мяне, кажа Гасподзь.

7

Таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, я растаплю і выпрабую іх; бо як інакш мне трэба рабіць з дачкою народу Майго?

8

Язык іхні — забойчая страла, гаворыць падступна; вуснамі сваімі гавораць з блізкімі сваімі прыязна, а ў сэрцы сваім ладзяць яму аковы.

9

Няўжо Я не пакараю іх за гэта, кажа Гасподзь? ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?

10

Па горах падыму плач і лямант, і па стэпавых пашах — галашэньне, бо яны выпалены, так што ніхто там не праходзіць, і ня чуваць, каб статкі бляялі: ад птушак нябесных да быдла — усе расьсеяліся, сышлі.

11

І зраблю Ерусалім крушняю, селішчам шакалаў, і гарады Юдэі зраблю пустыняю, без жыхароў.

12

Ці ёсьць такі мудрэц, які зразумеў бы гэта? І да каго гавораць вусны Гасподнія — растлумачыў бы, за што загінула краіна і выпалена, як пустыня, так што ніхто не праходзіць па ёй?

13

І сказаў Гасподзь: за тое, што яны пакінулі закон Мой, які Я ўстанавіў ім, і ня слухалі голасу Майго і не рабілі паводле яго;

14

а хадзілі паводле ўпартасьці сэрца свайго і па сьледзе Ваала, як навучылі іх бацькі іхнія.

15

Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я накармлю іх, гэты народ, палыном, і напаю іх вадою з жоўцю;

16

і расьсею іх сярод народаў, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх.

17

Так кажа Гасподзь Саваоф: падумайце і паклічце плакальшчыц, каб яны прыйшлі; пашлеце па ўмеліц у гэтай справе, каб яны прыйшлі.

18

Хай яны пасьпяшаюцца і падымуць плач па нас, каб з вачэй нашых ліліся сьлёзы, і зь веек нашых цякла вада.

19

Бо голас плачу чуцен зь Сіёна: "як мы абрабаваны! мы жорстка пасаромленыя, бо пакідаем зямлю, бо разбурылі жытлішчы нашы".

20

Дык вось, слухайце, жанчыны, слова Госпада, і хай уважае вуха ваша слову вуснаў Ягоных; і вучэце дачок вашых плакаць, і адна адну — песьням плачу.

21

Бо сьмерць уваходзіць у нашыя вокны, урываецца ў харомы нашыя, каб вынішчыць дзяцей з вуліцы, юнакоў з плошчаў.

22

Скажы: так кажа Гасподзь: і будуць кінуты трупы людзей, як гной на поле і як снапы за жняцом, і ня будзе каму пазьбіраць іх.

23

Так кажа Гасподзь, хай не хваліцца мудры мудрасьцю сваёю, хай ня хваліцца дужы сілаю сваёю, хай ня хваліцца багаты багацьцем сваім.

24

А хвалько хваліся тым, што разумееш і ведаеш Мяне, што Я — Гасподзь, Які творыць міласьць, суд і праўду на зямлі: бо толькі гэта заўгодна Мне, кажа Гасподзь.

25

Вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я наведаю ўсіх абрэзаных і неабрэзаных:

26

Егіпет і Юдэю, і Эдома і сыноў Амонавых, і Маава і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях, што жывуць у пустыні: бо ўсе гэтыя народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраілеў зь неабрэзаным сэрцам.