Ярэмія 46

1

Слова Гасподняе, якое было Ерамію прароку пра народы язычніцкія:

2

пра Егіпет, пра войска фараона Нэхао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Еўфрат і Кархаміс, і якое пабіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага.

3

Рыхтуйце шчыты і дзіды, і ўступайце ў бітву;

4

сядлайце коні і сядайце, вершнікі, і станавецеся ў шаломах; мяньцеце дзіды, апранайцеся ў браню.

5

Чаму ж, бачу Я, яны зьнясьмеліліся і павярнуліся назад? і дужыя ў іх пабітыя, і бягуць без аглядкі; адусюль жах, кажа Гасподзь.

6

Не ўцячэ хуткі на ногі, і не ўратуецца дужы; на поўначы, каля ракі Еўфрат, яны спатыкнуцца і ўпадуць.

7

Хто гэта падымаецца, як рака, і як патокі хвалююцца воды яго?

8

Егіпет падымаецца, як рака, і, як патокі, захваляваліся воды яго, і кажа: "падымуся і пакрыю зямлю, загублю горад і жыхароў яго".

9

Сядайце на коні і імчэце, калясьніцы, і выступайце, дужыя, Эфіопы і Лівійцы, узброеныя шчытом, і Лідыйцы, што трымаеце лукі і напінаеце іх;

10

бо дзень гэты ў Госпада Бога Саваофа ёсьць дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным; і меч будзе пажыраць, і насыціцца і ўп’ецца крывёю іхняю; бо гэта Госпаду Богу Саваофу будзе ахвяраваньне ў зямлі паўночнай, каля ракі Еўфрат.

11

Ідзі ў Галаад і вазьмі бальзаму, дзева, дачка Егіпта; дарма ты будзеш памнажаць лекаваньні, няма табе ацаленьня.

12

Пачулі народы пра пасаромленьне тваё, і лямант твой напоўніў зямлю; бо дужы сутыкнуўся з дужым, і абодва разам загінулі.

13

Слова, якое сказаў Гасподзь прароку Ерамію пра Навухаданосара, цара Вавілонскага, каб разьбіць зямлю Егіпецкую:

14

абвясьцеце ў Егіпце і дайце знак у Магдоле, і дайце знаць у Нофе і Тафнісе; скажэце: "спыніся і рыхтуйся, бо меч пажырае навакольлі твае".

15

Чаму дужы твой павалены? — ня ўстояў, бо Гасподзь пагнаў яго.

16

Ён памножыў тых, што падалі, нават падалі адзін на аднаго, і казалі: "уставай і вернемся да народу нашага ў родную нашу зямлю ад пагібельнага меча".

17

А там крычаць: "фараон; цар Егіпта сумеўся; ён прапусьціў умоўлены час".

18

Жыву Я, кажа Цар, імя Якога — Гасподзь Саваоф: як Тавор сярод гор і як Карміл каля мора, так пэўна прыйдзе ён.

19

Рыхтуй сабе патрэбнае на перасяленьне, дачка — жыхарка Егіпта, бо Ноў будзе спустошаны, застанецца без жыхара.

20

Егіпет — цудоўная цялушка; але пагібель ідзе з поўначы, ідзе.

21

І найміты яго сярод яго, як укормленыя цяляты, — і самыя павярнулі назад, пабеглі ўсе, ня ўстоялі, бо прыйшоў на іх дзень пагібелі іхняй, час наведваньня іх.

22

Голас яго ляціць, як зьмяіны; яны ідуць з войскам, прыйдуць на яго зь сякерамі, як дрывасекі;

23

высякуць лес яго, кажа Гасподзь, бо яны нязьлічоныя; іх больш, чым саранчы, і няма ліку ім.

24

Пасаромлена дачка Егіпта, перададзена ў рукі народу паўночнаму.

25

Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў кажа: вось, Я наведаю Амона, які ў Но, і фараона і Егіпет, і багоў яго і цароў яго, фараона, і тых, што спадзяюцца на яго;

26

і перадам іх у рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі рабам ягоным; але пасьля таго ён будзе населены, як у ранейшыя дні, кажа Гасподзь.

27

Ты ж ня бойся, рабе Мой Якаў, і не палохайся, Ізраіле: бо вось, Я выратую цябе з далёкай краіны і насеньне тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў, і будуць жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго.

28

Ня бойся, рабе Мой Якаў, кажа Гасподзь: бо Я з табою; Я зьнішчу ўсе народы, да Якіх Я выгнаў цябе, а цябе ня вынішчу; а толькі пакараю цябе ў меры; непакараным жа не пакіну цябе.