Ярэмія 37

1

Замест Еханіі, сына Ёакімавага, цараваў Сэдэкія, сын Ёсіі, якога Навухаданосар, цар Вавілонскі, паставіў царом у зямлі Юдэйскай.

2

Ні ён, ні слугі ягоныя, ні народ краіны ня слухалі слоў Госпада, якія казаў Ён празь Ерамію прарока.

3

Цар Сэдэкія паслаў Егухала, сына Сэлэміі, і Сафонію, сына Маасэевага, сьвятара, да Ераміі прарока сказаць: "памаліся за нас Госпаду Богу нашаму".

4

Ерамія тады яшчэ свабодна ўваходзіў і выходзіў сярод народу, бо ня ўвязьнілі яго ў цямніцу.

5

Тым часам войска фараонава выступіла зь Егіпта, і Халдэі, якія аблягалі Ерусалім, пачуўшы вестку пра тое, адступілі ад Ерусаліма.

6

І было слова Гасподняе Ерамію прароку:

7

так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: так скажэце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне спытацца ў Мяне: вось, войска фараонавае, якое ішло да вас з дапамогаю, вернецца ў зямлю сваю, у Егіпет;

8

а Халдэі зноў прыйдуць і будуць ваяваць супроць горада гэтага, і возьмуць яго і спаляць яго агнём.

9

Так кажа Гасподзь: не ашуквайце сябе, кажучы: "мусова адыдуць ад нас Халдэі", бо яны не адыдуць;

10

калі б вы нават разьбілі ўсё войска Халдэяў, якія ваююць супроць вас, і засталіся б у іх толькі параненыя, дык і тыя ўсталі б, кожны з намёту свайго, і спалілі б горад гэты агнём.

11

У той час, калі войска Халдэйскае адступіла ад Ерусаліма, з прычыны войска фараонавага,

12

Ерамія пайшоў зь Ерусаліма, каб сысьці ў зямлю Веньямінавую, хаваючыся адтуль сярод народу.

13

Але калі ён быў у браме Веньямінавай, начальнік варты, які там быў, на імя Ірэія, сын Сэлэміі, сына Ананіі, затрымаў Ерамію прарока, сказаўшы: "ты хочаш перабегчы да Халдэяў?".

14

Ерамія сказаў: гэта — хлусьня; я не хачу перабегчы да Халдэяў. Але ён не паслухаў яго, і ўзяў Ірэія Ерамію і прывёў яго да князёў.

15

Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана пісца, бо зрабілі яго цямніцаю.

16

Калі Ерамія ўвайшоў у цямніцу і ў склеп, і прабыў там Ерамія шмат дзён,—

17

цар Сэдэкія паслаў і ўзяў яго. І пытаўся ў яго цар у доме сваім таемна і сказаў: "ці няма слова ад Госпада?", Ерамія сказаў: "ёсьць", і сказаў: "ты будзеш аддадзены ў рукі цара Вавілонскага".

18

І сказаў Ерамія цару Сэдэкіі: "чым я зграшыў перад табою і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што вы пасадзілі мяне ў цямніцу?

19

і дзе вашыя прарокі, якія прарочылі вам, кажучы: "цар Вавілонскі ня пойдзе супроць вас і супроць зямлі гэтай"?

20

І сёньня паслухай, спадару мой цар, хай упадзе дараваньне маё перад аблічча тваё; не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісца, каб мне не памерці там".

21

І даў загад цар Сэдэкія, каб увязьнілі Ерамію ў двары варты і давалі яму па кавалку хлеба на дзень з вуліцы пекараў, пакуль ня кончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І так заставаўся Ерамія ў двары варты.