Ярэмія 34

1

Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі Навухаданосар, цар Вавілонскі, і ўсё войска ягонае і ўсе царствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў ягоных:

2

так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: ідзі і скажы Сэдэкію, цару Юдэйскаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цару Вавілонскаму, — і ён спаліць яго агнём;

3

і ты не ўцячэш ад рукі ягонай, а непазьбежна будзеш узяты і перададзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць цара Вавілонскага, і вусны яго будуць гаварыць тваімі вуснамі, і пойдзеш у Вавілон.

4

Зрэшты, слухай слова Гасподняе, Сэдэкія, цару Юдэйскі! так кажа Гасподзь пра цябе: ты не памрэш ад меча;

5

ты памрэш у міры, і як бацькам тваім,— ранейшым царам, якія былі да цябе,— палілі пры пахаваньні пахошчы, так спаляць і табе і аплачуць цябе: "на жаль, спадару", бо Я вымавіў гэтае слова, кажа Гасподзь.

6

Ерамія прарок усе гэтыя словы пераказаў Сэдэкію, цару Юдэйскаму, у Ерусаліме.

7

Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя.

8

Слова, якое было Ерамію ад Госпада пасьля таго як цар Сэдэкія заключыў запавет з усім народам, што быў у Ерусаліме, каб абвясьціць свабоду,

9

каб кожны адпусьціў на волю свайго раба і сваю рабыню, Габрэя і Габрэйку, каб ніхто зь іх ня трымаў у рабстве Юдэя, брата свайго.

10

І паслухаліся ўсе князі і ўвесь народ, якія ўступілі ў запавет, каб адпусьціць кожнаму раба свайго і кожнаму рабыню сваю на волю, каб ня трымаць іх наперад у рабах,— і паслухаліся і адпусьцілі:

11

але пасьля таго, перадумаўшы, пачалі браць назад рабоў і рабынь, якіх адпусьцілі на волю, і прымусілі іх быць рабамі і рабынямі.

12

І было слова Гасподняе Ерамію ад Госпада:

13

Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я заключыў запавет з бацькамі вашымі, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства, і сказаў:

14

"у канцы сёмага года адпускайце кожны брата свайго, Габрэя, які прадаў сябе табе; хай ён працуе табе шэсьць гадоў, а потым адпусьці яго ад сябе на волю"; але бацькі вашыя не паслухаліся Мяне і не прыхілілі вуха свайго.

15

Вы сёньня навярнуліся і зрабілі справядліва перад вачыма Маімі, даўшы кожны свабоду свайму блізкаму, і заключылі перад Мною запавет у доме, над якім названа імя Маё;

16

але потым перадумалі — і зьняславілі імя Маё — і вярнулі да сябе кожны раба свайго і кожны рабыню сваю, якіх адпусьцілі на волю, куды іхняй душы заўгодна, і прымушаеце іх быць у вас рабамі і рабынямі.

17

Таму так кажа Гасподзь: вы не паслухаліся Мяне ў тым, каб кожны абвясьціў свабоду брату свайму і блізкаму свайму; за тое вось Я, кажа Гасподзь, абвяшчаю вам свабоду падупасьці мечу, згубнай пошасьці і голаду, і аддам вас на азлабеньне ва ўсе царствы зямлі;

18

і аддам адступнікаў ад запавету Майго і няўстойлівых у словах запавету, які яны заключылі перад абліччам Маім, калі расьсеклі цяля напалам і прайшлі паміж расьсечанымі часткамі яго,-

19

князёў Юдэйскіх і князёў Ерусалімскіх, еўнухаў і сьвятароў і ўвесь народ зямлі, які праходзіў паміж расьсечанымі часткамі цяляці,—

20

аддам іх у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікаў душы іхняй,— і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.

21

І Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі войску цара Вавілонскага, якое адступіла ад вас.

22

Вось, Я дам загад, кажа Гасподзь, і вярну іх да гэтага горада, і яны нападуць на яго і возьмуць яго і спаляць яго агнём, і гарады Юдэі зраблю пустыняю неабжытаю.