Ярэмія 25

1

І Слова, якое было Ерамію пра ўвесь народ Юдэйскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, — гэта быў першы год Навухаданосара, цара Вавілонскага,—

2

і якое прарок Ерамія прамовіў да ўсяго народу Юдэйскага і да ўсіх жыхароў Ерусаліма і сказаў:

3

ад трынаццатага года Ёсіі сына Амонавага, цара Юдэйскага, да гэтага дня, — вось ужо дваццаць тры гады, — было мне слова Гасподняе, і я з самае раніцы прамаўляў вам, — і вы ня слухалі.

4

Гасподзь пасылаў да вас усіх рабоў Сваіх прарокаў, з самае раніцы пасылаў, — і вы ня слухалі і ня прыхілілі вуха свайго, каб слухаць.

5

Вам казалі: "адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і ад благіх дзеяў сваіх і жывеце на зямлі, якую Гасподзь даў вам і бацькам вашым адвеку навечна;

6

і не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявеце Мяне дзеямі рук сваіх, і не зраблю вам благога".

7

Але вы ня слухаліся Мяне, кажа Гасподзь, гневячы Мяне дзеямі рук сваіх, на злосьць сабе.

8

Таму так кажа Гасподзь Саваоф: за тое, што вы ня слухалі словаў Маіх,

9

вось Я пашлю і вазьму ўсе плямёны паўночныя, кажа Гасподзь, і пашлю да Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і прывяду іх на зямлю гэтую і на жыхароў яе і на ўсе навакольныя народы; і цалкам вынішчу іх і зраблю іх жахам і пасьмешышчам і вечным запусьценьнем.

10

І спыню іх голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты, гук жорнаў і сьвятло сьвяцільні.

11

І ўся зямля гэтая будзе пустыняю і жахам; і народы гэтыя будуць служыць цару Вавілонскаму семдзесят гадоў.

12

І будзе: калі споўніцца семдзесят гадоў, пакараю цара Вавілонскага і той народ, кажа Гасподзь, за іх бязбожнасьць, і зямлю Халдэйскую, і зраблю яе вечнаю пустыняю.

13

І спраўджу над тою зямлёю ўсе словы Мае, якія Я прамовіў на яе, усё напісанае ў гэтай кнізе, што Ерамія прароча вымавіў на ўсе народы,

14

бо іх паняволяць шматлікія народы і цары вялікія; і Я дам ім паводле іх учынкаў, паводле дзеяў рук іхніх.

15

Бо так сказаў мне Гасподзь Бог Ізраілеў: вазьмі з рукі Маёй чару гэтую зь віном лютасьці і напаі зь яе ўсе народы, да якіх Я пасылаю цябе.

16

І яны вып’юць і будуць хістацца і звар’яцеюць, убачыўшы меч, які Я пашлю на іх.

17

І ўзяў я чару з рукі Гасподняй і напаіў зь яе ўсе народы, да якіх паслаў мяне Гасподзь:

18

Ерусалім і гарады Юдэйскія, і цароў яго і князёў яго, каб спустошыць іх і зрабіць жахам, пасьмешышчам і праклёнам, як і відно сёньня,

19

фараона, цара Егіпецкага, і слуг ягоных, і князёў яго, і ўвесь народ яго,

20

і ўвесь зьмешаны народ, і ўсіх цароў зямлі Уца і ўсіх цароў зямлі Філістымскай, і Аскалон і Газу, і Экрон, і рэшткі Азота,

21

Эдома і Маава і сыноў Амонавых,

22

і ўсіх цароў Тыра і ўсіх цароў Сідона і цароў астравоў, якія за морам,

23

Дэдана і Тэму, і Буза і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях,

24

і ўсіх цароў Аравіі і ўсіх цароў народаў рознапляменных, што жывуць у пустыні,

25

усіх цароў Зімврыі і ўсіх цароў Элама, і ўсіх цароў Мідыі

26

і ўсіх цароў поўначы, блізкіх адзін аднаму і далёкіх, і ўсе царствы зямныя, якія — на ўлоньні зямлі, а цар Сэсаха вып’е пасьля іх.

27

І скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: пеце і ўпецеся, вырыгніце і ўпадзеце, і не ўставайце, угледзеўшы меч, які Я пашлю на вас.

28

Калі ж яны будуць адмаўляцца браць чару з рукі тваёй, каб піць, дык скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: вы канечне піцьмеце.

29

Бо вось на горад гэты, на якім напісана Маё імя, я пачынаю наводзіць бедства; і ці вы застанецеся непакараныя? Не, не застанецеся непакараныя; бо Я клічу меч на ўсіх жыхароў зямлі, кажа Гасподзь Саваоф.

30

Таму вымаві на іх усе словы гэтыя і скажы ім: Гасподзь загрыміць з вышыні і з жытлішча сьвятыні Сваёй падасьць голас Свой; страшна загрыміць на селішча Сваё; як тыя, што топчуць у чавільні, усклікне на ўсіх жыхароў зямлі.

31

Шум дойдзе да канцоў зямлі; бо ў Госпада спаборства з народамі: Ён будзе судзіцца з кожнаю плоцьцю, бязбожных ён аддасьць мечу, кажа Гасподзь.

32

Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, бедства пойдзе ад народу да народу, і вялікая віхура падымецца ад краёў зямлі.

33

І будуць пабітыя Госпадам у той дзень — ад канца зямлі да канца зямлі, ня будуць аплаканыя і ня будуць прыбраныя і пахаваныя, гноем будуць на ўлоньні зямлі.

34

Галасеце, пастыры, і стагнеце, і пасыпайце сябе пылам, важакі статку; бо споўніліся дні вашыя для заколу і расьсеяньня вашага, і паб’яцеся, як дарагі посуд.

35

І ня будзе прыстанішча пастырам і ратунку важакам статку.

36

Чуцен енк пастыраў і галашэньне важакоў статку, бо спустошыў Гасподзь пашу іхнюю.

37

Вынішчаюцца мірныя селішчы ад лютасьці гневу Гасподняга.

38

Ён пакінуў жытлішча Сваё, як леў; і зямля іхняя зрабілася пусткаю ад лютасьці спусташальніка і ад палымянага гневу Ягонага.