Ярэмія 24

1

Гасподзь паказаў мне: і вось, два кашы са смоквамі пастаўлены перад храмам Гасподнім, — пасьля таго, як Навухаданосар, цар Вавілонскі, вывеў зь Ерусаліма палонных Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і князёў Юдэйскіх зь цесьлямі і кавалямі і прывёў іх у Вавілон:

2

адзін кош быў са смоквамі вельмі добрымі, якімі бываюць смоквы раньнія, а другі кош — са смоквамі вельмі благімі, якіх зь нягоднасьці іхняй нельга есьці.

3

І сказаў мне Гасподзь: што бачыш ты, Ерамія? я сказаў: смоквы, смоквы добрыя — вельмі добрыя, а благія — вельмі благія, так што іх нельга есьці, бо яны вельмі кепскія.

4

І было мне слова Гасподняе:

5

так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: падобна, як гэтыя смоквы добрыя, Я прызнаю добрымі перасяленцаў Юдэйскіх, якіх Я паслаў з гэтага месца ў зямлю Халдэйскую;

6

Я зьвярну на іх вочы Мае на дабро ім і вярну іх у зямлю гэтую, і ўладжу іх, а ня зруйную, і пасаджу іх, а ня выкарчую;

7

і дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — Гасподзь, і яны будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам; бо яны абернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.

8

А пра благія смоквы, якіх і есьці нельга за няпрыдатнасьць іх, так кажа Гасподзь: такім Я зраблю Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных і іншых Ерусалімцаў, што застаюцца ў зямлі гэтай і жывуць у зямлі Егіпецкай;

9

і аддам іх на азлобу і на ліхія пакуты ва ўсіх царствах зямных, на паглум, на перагуды, на пакепства і праклён ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх.

10

І пашлю на іх меч, голад і паморак, пакуль ня вынішчу іх зь зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім.