Ярэмія 21

1

Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі цар Сэдэкія прыслаў да яго Пасхора, сына Малхіінага і Сафонію, сына Маасэі сьвятара, сказаць:

2

"Спытайся пра нас у Госпада, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, ваюе супроць нас; магчыма, Гасподзь учыніць з намі што-небудзь такое, як усе цуды Яго, каб той адступіўся ад нас".

3

І сказаў ім Ерамія: так скажэце Сэдэкію:

4

так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: вось, Я павярну назад вайсковую зброю, якая ў руках вашых, якою вы змагаецеся з царом Вавілонскім і з Халдэямі, якія асуджаюць вас па-за сьценамі, і зьбяру іх сярод горада гэтага;

5

і Сам буду ваяваць супроць вас рукою прасьцёртаю і мышцаю моцнаю ў гневе і ў лютасьці і ў вялікім абурэньні;

6

і паб’ю жыхароў гэтага горада — і людзей і быдла; ад вялікай пошасьці памруць яны.

7

А пасьля таго, кажа Гасподзь, Сэдэкію, цара Юдэйскага, слуг ягоных і народ і тых, хто застаўся ў горадзе гэтым ад пошасьці і паморку, меча і голаду, перадам у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй; і ён паб’е іх вастрыём меча і ня зьлітуецца зь іх, і не пашкадуе і не памілуе.

8

І народу гэтаму скажы: так кажа Гасподзь: вось, Я прапаную вам шлях жыцьця і шлях сьмерці:

9

Хто застанецца ў гэтым горадзе, той памрэ ад меча і голаду, пошасьці і згубнага паморку; а хто выйдзе і аддасца Халдэям, якія аблажылі вас, той будзе жывы, і душа ягоная будзе яму замест здабычы;

10

бо Я павярнуў аблічча Маё супроць горада гэтага, кажа Гасподзь, на зло, а не на дабро; ён будзе выдадзены ў рукі цара Вавілонскага, і той спаліць яго агнём.

11

І дому цара Юдэйскага скажы: слухайце слова Гасподняе:

12

Доме Давідаў! так кажа Гасподзь: з самае раніцы чынеце суд і ратуйце скрыўджанага ад рукі крыўдніка, каб лютасьць Мая ня выйшла, як агонь, і не разгарэлася з прычыны благіх дзеяў вашых да таго, што ніхто не патушыць.

13

Вось, Я — супроць цябе, жыхара даліны, скала раўніны, кажа Гасподзь, — супроць вас, што кажаце: "хто выступіць супроць нас і хто ўвойдзе ў селішчы нашыя?"

14

Але Я наведаю вас паводле плёну дзеяў вашых, кажа Гасподзь, і запалю агонь у лесе вашым, і зжарэ ўсё вакол яго.