Ярэмія 20

1

Калі Пасхор, сын Эмэраў, сьвятар, ён жа і наглядчык у доме Гасподнім, пачуў, што Ерамія прароча вымавіў словы гэтыя,

2

дык ударыў Пасхор Ерамію прарока і пасадзіў яго ў калоду, якая была каля верхняе брамы Веньямінавае пры доме Гасподнім.

3

Але на другі дзень Пасхор выпусьціў Ерамію з калоды, і Ерамія сказаў яму: не Пасхор назваў Гасподзь імя табе, а Магор Місавіў .

4

Бо так кажа Гасподзь: вось, Я зраблю цябе жахам табе самому і ўсім сябрам тваім, і загінуць яны ад меча ворагаў сваіх, і твае вочы ўгледзяць гэта. І ўсяго Юду перадам у рукі цара Вавілонскага, і завядзе іх у Вавілон і паб’е мечам.

5

І перадам усё багацьце гэтага горада і ўвесь набытак яго і ўсе каштоўнасьці яго, і ўсе скарбы цароў Юдэйскіх аддам у рукі іх, і зрабуюць іх і возьмуць і адправяць іх у Вавілон.

6

І ты, Пасхор, і ўсе, хто жыве ў доме тваім, пойдзеце ў палон; і прыйдзеш у Вавілон — і там памрэш, і там будзеш пахаваны, ты і ўсе сябры твае, якім ты прарочыў фальшыва.

7

Ты вёў мяне, Госпадзе, — і я паведзены; Ты мацнейшы за мяне — і перамог; і мяне кожны дзень высьмейваюць, кожны зьдзекуецца зь мяне.

8

Бо толькі пачну гаварыць я, — крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэньне, бо слова Гасподняе абярнулася кляцьбою мне і штодзённым высьмейваньнем.

9

І падумаў я: ня буду я нагадваць пра Яго і ня буду больш гаварыць у імя Яго; а было ў сэрцы маім, як бы палкі агонь, заключаны ў костках маіх, і я стаміўся, трымаючы яго, і — ня мог.

10

Бо я чуў перагуды многіх: пагрозы вакол; "заявеце, казалі яны, і мы зробім данос". Усе, хто жыў са мною ў міры, пільнуюць мяне, але ці не спатыкнуся я: "магчыма, кажуць, ён пападзецца, і мы адолеем яго і адпомсьцім яму".

11

Але са мною Гасподзь, як моцны ваяр; таму перасьледнікі мае спатыкнуцца і не адолеюць; моцна спаганьбяцца, бо рабілі неразумна; паганьбеньне будзе вечнае, ніколі не забудзецца.

12

Госпадзе сіл! Ты выпрабоўваеш праведнага і бачыш нутрыну і сэрца. Хай жа пабачу я помшчаньне Тваё ім, бо Табе даверыў я справу маю.

13

Сьпявайце Госпаду, хвалеце Госпада, бо Ён збаўляе душу беднага ад рукі зламысьнікаў.

14

Пракляты дзень, у які я нарадзіўся; дзень, у які нарадзіла мяне маці мая, хай ня будзе дабраславёны!

15

Выкляты чалавек, які прынёс вестку бацьку майму і сказаў: "у цябе нарадзіўся сын" і тым вельмі парадаваў яго.

16

І хай будзе з тым чалавекам, як з гарадамі, якія разбурыў Гасподзь і не пашкадаваў; хай чуе ён раніцай енк і аполудні галашэньне,

17

за тое, што ён не забіў мяне ў самай нутрыне — так, каб маці мая была мне труною, і чэрава яе заставалася вечна цяжарнае.

18

Навошта я выйшаў з нутрыны, каб бачыць працу і скрухі, і каб дні мае зьніклі ў няславе?