Ярэмія 2

1

І было слова Гасподняе мне:

2

ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную.

3

Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь.

4

Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага!

5

Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі;

6

і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек?

7

І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю.

8

Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закону ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Ваала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць.

9

Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца.

10

Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага?

11

ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае.

12

Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь.

13

Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой, пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады.

14

Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю?

15

Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў.

16

І сыны Мэмфіса і Тафны аб'елі цемя тваё.

17

Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе?

18

І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе?

19

Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф.

20

Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: "ня буду служыць ідалам ", а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў.

21

Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, — найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?

22

Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, — бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог.

23

Як можаш ты сказаць: "я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх?

24

Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе.

25

Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй — таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім.

26

Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, — так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,

27

кажучы дрэву: "ты мой бацька", і каменю: "ты нарадзіў мяне"; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: "устань і выратуй нас!"

28

Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? — хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда.

29

Навошта вам спаборнічаць са Мною? — усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь.

30

Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў.

31

О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе?

32

Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста — убор свой? а народ Мой забыў Мяне, — няма ліку дням.

33

Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае.

34

Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта,

35

кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. — Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: "я не зграшыла".

36

Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтаксама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй;

37

і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху.