Ярэмія 11

1

Слова, якое было Ерамі. ад Госпада:

2

слухайце слова запавету гэтага і скажэце мужам Юды і жыхарам Ерусаліма;

3

і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: пракляты чалавек, які не паслухае слоў запавету гэтага,

4

які Я запавядаў бацькам вашым, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з жалезнай печы, сказаўшы: слухайцеся голасу Майго і рабеце ўсё, што Я запавядаю вам,— і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам,

5

каб выканаць прысягу, якою Я прысягаў бацькам вашым — даць ім зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, як гэта сёньня. І адказваў я, сказаўшы: амін, Госпадзе!

6

І сказаў мне Гасподзь: агаласі ўсе гэтыя словы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліма і скажы: слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.

7

Бо бацькоў вашых я ўмаўляў пастаянна з таго дня, як вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня: умаўляў іх з самае раніцы, кажучы: слухайцеся голасу Майго.

8

Але яны ня слухаліся і ня прыхілялі вуха свайго, а хадзілі кожны паводле ўпартасьці ліхога сэрца свайго: таму Я навёў на іх усё сказанае ў запавеце гэтым, які Я запавядаў ім выконваць, а яны ня выконвалі.

9

І сказаў мне Гасподзь: ёсьць змова паміж мужамі Юды і жыхарамі Ерусаліма:

10

яны зноў павярнуліся да беззаконстваў прабацькоў сваіх, якія адмовіліся слухацца слоў Маіх і пайшлі па сьледзе чужых багоў, служачы ім. Дом Ізраіля і дом Юды парушылі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.

11

Таму так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на іх бедства, ад якога яны ня могуць выбавіцца, а калі паклічуць Мяне, не пачую іх.

12

Тады гарады Юды і жыхары Ерусаліма пойдуць і заклічуць багоў, якім яны кадзяць; але яны зусім не дапамогуць ім у час бедства іхняга.

13

Бо колькі ў цябе гарадоў столькі і багоў у цябе, Юда, і колькі вуліц у Ерусаліма, столькі вы панастаўлялі ахвярнікаў вартаму сораму, ахвярнікаў, каб кадзіць Ваалу.

14

А ты не прасі за гэты народ і ня ўзнось за іх малітваў і просьбаў: бо Я не пачую, калі яны будуць клікаць Мяне ў бядоце сваёй.

15

Што любаснаму Майму ў доме Маім, калі ў ім робяцца многія непатрэбствы? І сьвяшчэнныя мясы не дапамогуць табе, калі, учыняючы ліхое, ты радуешся?

16

Масьлінаю, якая зелянее і красуецца прыемнымі пладамі, назваў цябе Гасподзь. А сёньня, у шуме моцнай сумятні, Ён успалымніў агонь вакол яе, і паламаліся галіны яе.

17

Гасподзь Саваоф, Які пасадзіў цябе, вырак на цябе ліхое за ліха дома Ізраілевага і дома Юдавага, якое яны ўчынілі сабе тым, што спадзьвіжылі Мяне на гнеў каджэньнем Ваалу.

18

Гасподзь адкрыў мне, і я ведаю; Ты паказаў мне іхнія дзеі.

19

А я, як паслухмянае ягня, якое вядуць на закол, і ня ведаў, што яны складаюць намыслы супроць мяне, кажучы : "пакладзем атрутнае дрэва за ежу яму і адарвем яго ад зямлі жывых, каб і імя яго болей не спаміналася".

20

Але, Госпадзе Саваофе, Судзьдзя справядлівы, выпрабавальнік сэрца і нутробы! дай пабачыць мне помсту Тваю над імі, бо Табе даверыў я справу маю.

21

Таму так кажа Гасподзь пра мужоў Анатота, якія шукаюць душы тваёй і кажуць: не прарочы ў імя Госпада, каб не памерці табе ад рук нашых;

22

таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я наведаю іх: юнакі іхнія памруць ад меча; сыны іх і дочкі іх памруць з голаду.

23

І астатку ня будзе ад іх; бо Я навяду бедства на мужоў Анатота ў год наведваньня іх.