Ісайя 43

1

А сёньня так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, Якаве, і ўладзіў цябе, Ізраіле: ня бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе імем тваім; ты — Мой.

2

Ці будзеш пераходзіць праз воды, Я з табою, — альбо цераз рэкі, яны цябе не патопяць; а ці пойдзеш цераз агонь, не апячэшся, і полымя цябе не апаліць.

3

Бо Я — Гасподзь Бог твой; Сьвяты Ізраілеў, Збаўца твой; на адкуп за цябе аддаў Егіпет, Эфіопію і Савею за цябе.

4

Як што ты дарагі ў вачах Маіх, шматкаштоўны, і Я палюбіў цябе, дык аддам іншых людзей за цябе, і — народы за душу тваю.

5

Ня бойся, бо Я з табою; з усходу прывяду племя тваё і з захаду зьбяру цябе.

6

Поўначы скажу: аддай; і поўдню: ня стрымлівай; вядзі сыноў Маіх здалёку і дачок Маіх ад канцоў зямлі,

7

кожнага, хто называецца імем Маім, каго Я стварыў дзеля славы Маёй, сфармаваў і зладзіў.

8

Выведзі народ сьляпы, хоць у яго ёсьць вочы, і глухі, хоць у яго ёсьць вушы.

9

Хай усе народы зьбяруцца разам, і згуртуюцца плямёны. Хто сярод нас прадказваў гэта? хай абвесьцяць, што было на пачатку; хай паставяць сьведак ад сябе і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: праўда!

10

А Мае сьведкі, кажа Гасподзь, вы і раб Мой, якога Я выбраў, каб вы ведалі і верылі Мне, і разумелі, што гэта — Я: раней за Мяне ня было Бога, і пасьля Мяне ня будзе.

11

Я, Я — Гасподзь, і няма Збаўцы, апрача Мяне.

12

Я прадказаў і ўратаваў, і абвясьціў; а іншага няма ў вас, і вы — сьведкі Мае, кажа Гасподзь, што Я — Бог;

13

ад пачатку дзён Я — Той Самы, і ніхто не ўратуе ад рукі Маёй; Я зраблю, і хто адменіць гэта?

14

Так кажа Гасподзь, Адкупнік ваш, Сьвяты Ізраілеў: дзеля вас Я паслаў у Вавілон і скрышыў усе завалы і Халдэяў, што выхваляліся караблямі.

15

Я Гасподзь, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Цар ваш.

16

Так кажа Гасподзь, Які адкрыў у мора дарогу, у моцных водах сьцежку,

17

вывеў калясьніцы і коні, войска і сілу; усе палеглі разам, ня ўсталі; патухлі, як сьвяцільня, пагасьлі.

18

Але вы ня згадваеце ранейшага і пра старадаўняе не намышляеце.

19

Вось, Я раблю новае; а цяпер яно зьявіцца; няўжо вы і гэтага ня хочаце ведаць? Я правяду дарогу ў стэпе, рэкі — у пустыні.

20

Палявыя зьвяры праславяць Мяне, шакалы і страўсы, бо Я ў пустынях дам ваду, рэкі — у сухім стэпе, каб паіць выбраны народ Мой.

21

Гэты народ я ўтварыў Сабе; ён будзе абвяшчаць славу Маю.

22

А ты, Якаве, ня клікаў Мяне; ты, Ізраіле, не працаваў дзеля Мяне.

23

Ты ня прыносіў Мне ягнятак тваіх на цэласпаленьне, ахвярамі тваімі не шанаваў Мяне. Я ня змушаў цябе служыць Мне хлебным прынашэньнем і не абцяжарваў цябе фіміямам.

24

Ты ня купляў Мне пахучага трысьнёгу за срэбра і тлушчам ахвяраў тваіх не карміў Мяне; але ты грахамі тваімі бянтэжыў Мяне; беззаконьнямі тваімі бянтэжыў Мяне.

25

Я, Я Сам згладжваю злачынствы твае дзеля Сябе Самога і грахоў тваіх не ўзгадаю.

26

Прыгадай Мне; пачнем судзіцца; кажы ты, каб апраўдацца.

27

Прабацька твой зграшыў, і хадайнікі твае адступіліся ад Мяне.

28

За тое Я першых у сьвяцілішчы пазбавіў сьвяшчэнства і Якава аддаў на закляцьце і Ізраіля на паганьбеньне.