Ісайя 38

1

У тыя дні Эзэкія сьмяротна захварэў. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амосаў, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: зрабі запавет дому твайму, бо ты памрэш, не ачуняеш.

2

Тады Эзэкія адвярнуўся тварам да сьцяны, і маліўся Госпаду, кажучы:

3

"о, Госпадзе! успомні, што я хадзіў перад абліччам Тваім верна і з адданым Табе сэрцам і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх". І заплакаў Эзэкія моцна.

4

І было слова Гасподняе Ісаю, і сказана:

5

ідзі і скажы Эзэкію: так кажа Гасподзь, Бог Давідаў, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, угледзеў сьлёзы твае, і вось, Я дадаю да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,

6

і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.

7

І вось табе азнака ад Госпада, што Гасподзь спраўдзіць слова, якое Ён сказаў.

8

Вось, Я вярну назад на дзесяць прыступак сонечны цень, які прайшоў па прыступках Ахазавых. І вярнулася сонца на дзесяць прыступак па прыступках, па якіх яно сыходзіла.

9

Малітва Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ён хворы быў і ачуняў ад хваробы:

10

"я сказаў сам сабе: апалавіне дзён маіх я мушу ісьці ў браму апраметнай; я пазбаўлены рэшты гадоў маіх.

11

Я казаў: ня ўбачу я Госпада, Госпада на зямлі жывых; не пабачу больш чалавека паміж жывымі ў сьвеце;

12

жытло маё здымаецца зь месца і зносіцца ад мяне, як будан пастушыны; я павінен адкроіць, як ткач, жыцьцё маё: Ён адкроіць мяне ад асновы; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.

13

Да раніцы я чакаў; як леў, Ён крышыў косьці мае; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.

14

Як журавель, як ластаўка, падаваў я голас, сумаваў як голуб; паныла глядзелі вочы мае на неба: Госпадзе! цесна мне; уратуй мяне.

15

Што скажу я? Ён сказаў мне, Ён і зрабіў. Ціха буду праводзіць усе гады жыцьця майго, памятаючы немарасьць душы маёй.

16

Госпадзе! так жывуць, і ва ўсім гэтым — жыцьцё майго духу; Ты ацаліш мяне, падаруеш жыцьцё мне.

17

Вось, на дабро мне была вялікая гарота, і Ты выбавіў душу маю ад рову пагібелі, і кінуў усе грахі мае за плечы Свае.

18

Бо не апраметная Цябе славіць, ня смерць праслаўляе Цябе, ня прыхадні ў магілу спадзяюцца на ісьціну Тваю.

19

Жывы, толькі жывы Цябе ўславіць, як сёньня я: бацька абвесьціць дзецям ісьціну Тваю.

20

Гасподзь уратуе мяне; і мы ва ўсе дні жыцьця нашага з гукамі струнаў маіх сьпявацьмем песьні ў доме Гасподнім.

21

І сказаў Ісая: няхай прынясуць скрылі смокваў і абкладуць імі нарыў; і ён ачуняе.

22

А Эзэкія сказаў: якая азнака, што я буду хадзіць у дом Гасподні?