Стары Запавет
Новы Запавет
Belarusian Bible 2003
← 10

Ісайя 36

12 →
1

Дык вось пытаюся: няўжо Бог адкінуў народ Свой? Зусім не. Бо і я Ізраільцянін, ад семені Абрагамавага, з роду Веньямінавага.

2

Не адкінуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Хіба ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю? Як ён скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:

3

"Госпадзе! прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і маёй душы шукаюць".

4

Што ж кажа яму (Божы) адказ? "Я захаваў Сабе сем тысяч чалавек, якія ня схілілі каленяў перад Ваалам".

5

Так і ў сёньняшні час, пасьля выбраньня мілаты, захавалася рэшта.

6

Але, калі паводле мілаты, дык не паводле дзеяў; інакш мілата ня была б ужо мілатою. А калі паводле дзеяў, дык гэта ўжо не мілата; інакш дзея ня ёсьць ужо дзея.

7

А што? Ізраіль, чаго шукае, таго не атрымаў; а выбраныя атрымалі, а астатнія ажарсьцьвелі,

8

як напісана: "Бог даў ім дух усыпленьня, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да гэтага дня".

9

І Давід кажа: "хай будзе трапеза іхняй сеткай, цянётамі і пятлёю на расплату ім;

10

хай запамрочацца іхнія вочы, каб ня бачылі, і хрыбет іхні хай сагнецца назаўсёды".

11

І вось, я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасьці? Зусім не! Але ад іхняга падзеньня выратаваньне язычнікам, каб абудзіць у іх рупнасьць.

12

Калі ж падзеньне іхняе — багацьце сьвету, і зьмізарненьне іхняе — багацьце язычнікам, дык тым большая паўната іхняя.

13

Вам кажу, язычнікам: як апостал язычнікаў, я праслаўляю служэньне маё;

14

ці не абуджу руплівасьць у братах маіх па плоці і ці не ўратую некаторых зь іх?

15

Бо, калі адкіданьне іх ёсьць замірэньне сьвету, дык што будзе прыняцьце, як ня жыцьцё зь мёртвых?

16

Калі пачатак сьвяты, дык і цэлае, і калі корань сьвяты, дык і вецьце.

17

Калі ж некаторыя галіны адламаліся, а ты, дзікая аліва, прышчапілася на месца іхняе і сталася супольніцай кораня і соку алівы,

18

дык не заносься перад галінамі; а калі заносішся, ведай, што ня ты корань трымаеш, а корань — цябе.

19

Скажаш: галіны адламаліся, каб мне прышчапіцца.

20

Добра. Яны адламаліся зь няверства, а ты трымаешся вераю; ня мудруй высока, а бойся.

21

Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, дык глядзі, ці пашкадуе цябе.

22

Дык вось бачыш даброць і строгасьць Божую: строгасьць да адпалых, а даброць да цябе, калі жыцьмеш у даброці Божай, інакш і ты будзеш адцяты.

23

Але і тыя, калі не застануцца ў няверстве, прышчэпяцца, бо Бог мае моц зноў прышчапіць іх.

24

Бо калі ты адцяты ад прыроднай дзічкі-алівы, і не па прыродзе прышчапіўся да высакароднай алівы, дык тым болей гэтыя прыродныя прышчэпяцца да сваёй алівы.

25

Бо не хачу пакінуць вас, браты, у патайноце гэтай (каб вы не задаваліся дужа сабою), што ажарсьцьвеньне спасьцігла Ізраіля часткова, да той пары, пакуль ня ўвойдуць усе язычнікі,

26

і так увесь Ізраіль уратуецца, як напісана: "прыйдзе з Сыёна Збаўца і адверне бязбожнасьць ад Якава;

27

і гэта запавет ім ад Мяне, калі здыму зь іх грахі іхнія".

28

Што да Дабравесьця, дык яны ворагі вам; а што да выбраньня любасьнікі Божыя ад бацькоў;

29

бо дары і пакліканьне Божае — адмяніць нельга.

30

Як і вы колісь былі неслухі ў Бога, а цяпер памілаваныя, празь непаслушэнства іхняе, —

31

так і яны цяпер неслухі на памілаваньне ваша, каб і самім быць памілаванымі.

32

Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслушэнства, каб усіх памілаваць.

33

О, бездань багацьця і мудрасьці і веданьня Божага! якія неспасьцігальныя суды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!

34

"Бо хто спазнаў розум Гасподні? Або хто дарадца Яму?

35

Або хто даў Яму наперад, каб Ён мусіў аддаць?"

36

Бо ўсё зь Яго, празь Яго і да Яго. Яму слава навекі вякоў. Амін.

Belarusian Bible 2003
No info: Vasil Syargeevich Syomukha 2003