Ісайя 35

1

Разьвесяліцца пустыня і сухая зямля, і зарадуецца краіна ненаселеная і расквітнее як нарцыс;

2

цудоўна будзе цьвісьці і радавацца, будзе ўрачысьціцца і сьвяткаваць; слава Лівана дасца ёй, хараство Карміла і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, веліч Бога нашага.

3

Умацуйце аслабелыя рукі, і ўцьвердзіце калені дрыготкія;

4

скажэце нясьмелым душою: будзьце цьвёрдыя, ня бойцеся; вось Бог ваш, прыйдзе помста, адплата Божая; Ён прыйдзе і збавіць вас.

5

Тады адамкнуцца вочы сьляпых, і вушы глухіх расчыняцца.

6

Тады кульгавы падхопіцца, як алень, і язык нямка засьпявае; бо праб’юцца воды ў пустыні і ў стэпе патокі.

7

І ператворыцца прывід водаў у возера, і спрагненая зямля — у крыніцы водаў; у жытлішчы шакалаў, дзе яны спачываюць, будзе месца пад трысьнёг і чарот.

8

І будзе там вялікая дарога, і шлях па ёй назавецца шляхам сьвятым; нячысты ня будзе хадзіць па ім; але ён будзе ім адным. Хто пойдзе гэтым шляхам, нават і нявопытныя, не заблудзяцца.

9

Ільва там ня будзе, і драпежны зьвер ня ўзыдзе на яго; яго ня знойдзецца там, а хадзіцьмуць адкупленыя.

10

І вернуцца збаўленыя Госпадам, прыйдуць на Сіён з радасным гоманам; і радасьць вечная будзе над галавою ў іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць, а смутак і зітханьне адыдуць.