Ісайя 24

1

Вось, Гасподзь спусташае зямлю і робіць яе няплоднай; мяняе паверхню яе і расьсейвае тых, што жывуць на ёй.

2

І што будзе народу, тое і сьвятарам; што слузе, тое і гаспадару ягонаму; што служанцы, тое і гаспадыні яе; што пакупцу, тое і прадаўцу, што пазыкоўцу, тое і пазычальніку, што ліхвяру, тое і ліхвадаўцу.

3

Зямля спустошана ўшчэнт і зусім зрабаваная, бо Гасподзь вымавіў слова гэтае.

4

Бядуе заняпалая зямля; паніклы, заняпалы сусьвет; паніклі ўсе землі, што ўзвышаліся над народам.

5

І зямля апаганена пад тымі, што жывуць на ёй, бо яны пераступілі законы, зьмянілі статут, парушылі вечны запавет.

6

Затое праклён паядае зямлю, і нясуць кару тыя, што жывуць на ёй; затое спалены насельнікі зямлі, і няшмат засталося людзей.

7

Плача сок гронкі; баліць вінаграднай лазе; уздыхаюць усе, хто весяліўся сэрцам.

8

Спынілася весялосьць з тымпанамі; змоўк шум вясёлых; сьціхлі гукі арфы;

9

ужо ня п’юць віна зь песьнямі; згарчэла сікера піткам яе.

10

Разбураны апусьцелы горад, усе дамы замкнутыя, нельга ўвайсьці.

11

Плачуць па віне на вуліцах; запамрочылася ўсялякая радасьць; выгнана ўсялякая весялосьць зямлі.

12

У горадзе засталося запусьценьне, і брамы разваліліся.

13

А пасярод зямлі, паміж народамі, будзе тое самае, што бывае пры абіваньні масьлін, пры абіраньні вінаграду, калі закончаны збор.

14

Яны ўзвысяць свой голас, перамогуць у велічы Госпада, гучна клікацьмуць мора.

15

Дык вось, слаўце Госпада на ўсходзе, на выспах марскіх — імя Госпада Бога Ізраілевага.

16

Ад краю зямлі мы чуем песьню: "Слава Праведнаму!"І сказаў я: бяда мне, бяда мне! жаль мне! ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна.

17

Жудасьць і яма і пятля табе, жыхар зямлі!

18

Тады той, хто пабег ад крыку жудасьці, упадзе ў яму; і хто выйдзе зь ямы, трапіць у пятлю; бо вокны зь нябеснай вышыні адчыняцца, і асновы зямлі здрыгануцца.

19

Зямля руйнуецца, зямля распадаецца, зямля моцна патрэсена;

20

хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, і беззаконьне яе цяжарам на ёй; яна ўпадзе — і ўжо ня ўстане.

21

І станецца таго дня: наведае Гасподзь войска вышняе ў высях і цароў зямных на зямлі.

22

І будуць сабраныя разам, як вязьні, у яму і будуць увязьнены ў цямніцы, і праз многа дзён будуць пакараныя.

23

І счырванее месяц, і пасаромеецца сонца, калі Гасподзь Саваоф зацаруе на гары Сіёне і ў Ерусаліме, і перад старэйшынамі яго ўславіцца.