Ісайя 13

1

Прароцтва пра Вавілон, якое выказаў Ісая, сын Амосаў.

2

Падымеце сьцяг на голай гары, узвысьце голас; махнеце ім рукою, каб ішлі ў браму ўладароў.

3

Я даў наказ выбранцам Маім, і заклікаў на выкананьне гневу Майго моцных Маіх, якія трыумфуюць у велічы Маёй.

4

Вялікі гоман на горах, як бы шматлікага народу, мяцежны гул царстваў і народаў, што сабраліся разам: Гасподзь Саваоф азірае баявое войска.

5

Ідуць з далёкай краіны, ад краю неба, Гасподзь і носьбіты гневу Ягонага, каб зьнішчыць усю зямлю.

6

Галасеце, бо дзень Госпада блізкі, — ідзе, як разбуральная сіла ад Усемагутнага.

7

Таму рукі ва ўсіх апусьціліся, і сэрца ў кожнага чалавека растала.

8

Жахнуліся, курчы і боль ахапілі іх; пакутуюць, як парадзіха, зьдзіўлена глядзяць адзін на аднаго, твары ў іх разгарэліся.

9

Вось, прыходзіць дзень Госпада грозны, з гневам і палкаю лютасьцю, каб зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць зь яе грэшнікаў яе.

10

Зоркі нябесныя і сьвяцілы не даюць свайго сьвятла; сонца цьміцца пры ўзыходзе сваім, і месяц ня зьзяе сьвятлом сваім.

11

Я пакараю сьвет за ліха, і бязбожных — за беззаконьні іхнія, і пакладу канец высокаразумнасьці ганарыстых і зьнішчу пыхлівасьць прыгнятальнікаў;

12

зраблю так, што людзі будуць даражэйшыя за чыстае золата, і мужчыны — даражэйшыя за золата Афірскае.

13

Дзеля гэтага скалану неба, — і зямля зрушыцца зь месца свайго ад лютасьці Госпада Саваофа, у дзень палымянага гневу Яго.

14

Тады кожны, як гнаная сарна і як пакінутыя авечкі, вернецца да народу свайго, і кожны пабяжыць у сваю зямлю.

15

Але кожны злоўлены будзе заколаты, і каго схопяць, той памрэ ад меча.

16

І дзеці іх будуцуь разьбітыя на вачах у іх; дамы іхнія будуць зрабаваныя і жанкі іх зьняслаўленыя.

17

Вось, я падыму супроць іх Мідзянаў, якія ня цэняць срэбра і ня прагнуць золата.

18

Лукі іхнія пратнуць юнакоў і не пашкадуюць плоду ўлоньня: вока іхняе не ўмілажаліцца зь дзяцей.

19

І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора,

20

не заселіцца ніколі, і з роду ў род ня будзе жыхароў у ім; не раскіне Аравіцянін намёту свайго, і пастухі са статкамі ня будуць адпачываць там.

21

А будуць вадзіцца ў ім зьвяры пустыні, і дамы напоўняцца совамі; і страўсы паселяцца, і касмачы будуць скакаць там.

22

Шакалы будуць выць у харомах іхніх, і гіены — у вясёлых дамах.