Песнь Пясней 6

1

Куды ж ён пайшоў, твой каханы, жанчына, краса, прыгажуня? Куды ж ухіліўся твой любы, — пашукаем яго з табою!

2

Мой каханы ў сад свой спусьціўся, да градак духмяных, каб пасьвіць у садзе і лілеі зьбіраць.

3

Адданы мой любы мне, а я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.

4

Прыгожая ты, каханая, нібы Тырца, харошая, як Ерусалім, грозная, нібы полк са сьцягамі!

5

Адвядзі ад мяне свае вочы, бо яны хвалююць мяне.

6

Твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх; твае зубы — як статак авечак, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай,

7

як палавінкі граната, шчочкі твае — пад кудзеркамі тваімі.

8

Ёсьць шэсьцьдзясят царыц і восемдзесят наложніц і безьліч — дзяўчат;

9

ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка; адна яна — дачка ясная ў мацеркі роднай — пазначана ласкаю маці. Убачылі гэта сяброўкі і пахвалілі яе, царыцы і наложніцы — і пахвалілі яе.

10

Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?

11

Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?

12

Ня ведаю, як душа мая вабіла вяльможаў з народу майго.