Песнь Пясней 3

1

Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла.

2

Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла.

3

Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: "Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?"

4

Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; ухапілася за яго, не адпусціла яго, прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй, у харомы той, што мяне нарадзіла.

5

Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

6

Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі?

7

Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх.

8

І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога.

9

Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх,

10

слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі.

11

Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага.