Песнь Пясней 2

1

Я — раўнінны нарцыс Саронскі, я — лілея з даліны!

2

Як лілея сярод бадзякоў — каханая сярод сябровак!

3

Як яблыня сярод лясных дрэў — каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.

4

Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг — каханьне!

5

Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.

6

Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.

7

Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

8

Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, —

9

мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.

10

Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!

11

Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;

12

кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,

13

налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!

14

Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас — салодкі, бо мне тварык твой вабны!

15

Лавеце нам лісянятак і лісак лавеце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!

16

Каханы аддадзены мне, я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.

17

Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой ілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.