Песнь Пясней 1

1

Найвышэйшая песьня Саламонава.

2

Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.

3

Ад водару мазяў тваіх, імя тваё — як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.

4

Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; — цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; — больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!

5

Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.

6

Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, — вінаграднікі вартаваць мне казалі, — свайго вінаградніка я не ўпільнавала.

7

Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?

8

Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.

9

З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.

10

Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;

11

зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.

12

Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.

13

Мне мой мілы — як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,

14

мне мой мілы — як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.

15

Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы — дзьве галубіцы!

16

Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш — зелень; стрэхі дамоў нашых — кедры, столі іх — кіпарысы.