Эклезіяст 9

1

Усё гэта ў сэрца я ўзяў, каб дазнацца, што праведнікі і грэшнікі і іх учынкі — у Божай руцэ і што чалавек ні любові ні злосьці ня знае ва ўсім, што перад ім.

2

Усяму і ўсім — адно: адна доля праведніку і бязбожнаму, добраму і ліхому, чыстаму і нячыстаму, таму, хто прыносіць ахвяры, і таму, хто ахвяр ня прыносіць; як дабрачыннаму, так і грэшнаму; як таму, хто прысягаецца, так і таму, хто цураецца клятвы.

3

Вось гэта ёсьць ліха ва ўсім, што пад сонцам робіцца, што адна доля ўсім, і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом, і неразумнасьць у сэрцы ў іх, у жыцьці іхнім; а потым яны адыходзяць да мёртвых.

4

Хто сярод жывых, той мае яшчэ надзею, бо і сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву.

5

Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць, і ўжо ім аддзякі няма, бо і памяць пра іх адышла ў забыцьцё,

6

і любоў іх, і нянавісьць іх, і зайздрасьць іх ужо зьніклі, і няма болей учты ім вавекі ні ў чым, што пад сонцам робіцца.

7

Дык вось, ідзі, з радасьцю еж твой хлеб, у радасьці сэрца пі віно тваё, калі будзе на справы твае добрая Божая воля.

8

Хай сьветлая будзе ва ўсякую пору адзежа твая, і хай не абсохне алей на тваёй галаве.

9

Радуйся жыцьцю з жонкай тваёю, якую кахаеш, ва ўсе часіны жыцьця твайго марнага, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дні твайго марнага веку; бо гэта — доля твая ў жыцьці і ў працы тваёй, якую ты робіш пад сонцам.

10

Усё, што можа зрабіць твая рука, па сіле рабі; бо ў магіле, у якую ты ляжаш, няма ні працы, ні разважаньня, ні ведаў, ні мудрасьці.

11

І зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным — перамога, ня мудрым — хлеб, і не ў разумных — багацьце, і ня ўмельцам — прыхільнасьць, а ад часу й нагоды залежаць яны.

12

Бо чалавек свайго часу ня знае. Як рыбы ловяцца ў згубную сетку, як птушкі ў сілах заблытваюцца, так сыны чалавечыя за час ліха хапаюцца, калі ён раптоўна находзіць на іх.

13

Яшчэ вось якую мудрасьць пад сонцам я ўгледзеў, і яна мне здалася важнаю:

14

горад невялікі, і людзей у ім небагата; падступіўся да яго вялікі цар, і атачыў яго шчыльна, і падрыхтаваў супроць яго аблогу;

15

але знайшоўся ў ім мудры бядняк, і ён выратаваў мудрасьцю горад; але ж потым ніхто не згадаў таго бедака.

16

І сказаў я: мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьць бедняка заняхайваецца, і словаў ягоных ня слухаюць.

17

Словы мудрых, спакойныя, выслухоўваюцца лепей, чым крык валадара сярод дурняў.

18

Мудрасьць лепшая за вайсковую зброю; але адзін грэшнік загубіць многа дабра.