Эклезіяст 8

1

Хто ёсьць — як мудрэц, і хто разумее значэньне слова?— Мудрасьць прасьвятляе чалавеку аблічча яго, і суровасьць твару яго зьмяняецца.

2

Я кажу : трымайся царскага слова, і гэта дзеля прысягі перад Богам.

3

Не сьпяшайся ўхіляцца аблічча яго і не зацінайся ў слове благім; бо ён усё можа зрабіць, што захоча.

4

Дзе слова цара, там улада, і хто яму скажа: "што ты робіш?".

5

Хто выконвае запаведзь, той не зазнае нічога ліхога. Сэрца мудрага ведае час і ўправу;

6

бо на ўсякую рэч ёсьць свой час і ўправа; а чалавеку вялікае ліха з таго,

7

бо ня ведае ён, што будзе; і як яно будзе — хто скажа яму?

8

Чалавек ня мае ўлады над духам, каб дух утрымаць, і няма ў яго ўлады над сьмертнай часінай, і няма збавеньня ў гэтым змаганьні, і не ўратуе бязбожнасьць бязбожніка.

9

Усё гэта бачыў я і ў сэрца маё браў усякую справу, якая пад сонцам чыніцца. Бывае час, калі чалавек валадарыць над чалавекам на шкоду яму.

10

Бачыў тады я, што хавалі бязбожных, і прыходзілі ў магілу, і адыходзілі далёка ад сьвятога месца, і забывалі ў горадзе іх, што жылі праведна. І гэта — марнасьць!

11

Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату.

12

Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Яго стаяць багавейна;

13

а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны.

14

Ёсьць на зямлі і такая марнота: праведнага спасьцігне тое, чаго заслугоўваюць дзеі бязбожных, а з бязбожнымі чыніцца тое, чаго заслугоўваюць дзеі праведнікаў. І сказаў я: і гэта — марнасьць!

15

І ўславіў я радасьць; бо няма лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць і радавацца; гэта ідзе зь ім у працы ў дні жыцьця яго, якія даў яму Бог пад сонцам.

16

Калі паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць спазнаць і пабачыць справы, што робяцца на зямлі і сярод якіх чалавек ані ўдзень, ані ўночы спачыну ня мае:

17

тады я і ўбачыў усе дзеі Божыя і зразумеў, што ня можа чалавек спазнаць дзеі пад сонцам. Колькі б ні працаваў чалавек, каб дашукацца, а не зразумее таго; і калі б сказаў які-небудзь мудрэц, што ён ведае,— а ня здолее ён даўмецца да тога.