Эклезіяст 7

1

Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці — за дзень нараджэньня.

2

Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.

3

Смутак лепшы за сьмех; а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым.

4

Смутак лепшы за сьмех; бо пры смутку аблічча злагадняецца смэрца.

5

Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;

6

бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта — марнасьць!

7

Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.

8

Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.

9

Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.

10

Не кажы: "чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?"— не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.

11

Добрая мудрасьць — як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:

12

бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.

13

Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.

14

У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.

15

Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.

16

Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?

17

Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?

18

Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.

19

Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.

20

Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;

21

таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.

22

Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.

23

Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: "буду я мудры"; але мудрасьць далёка ад мяне.

24

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?

25

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і ўведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.

26

І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца яе — пастка, рукі яе — кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.

27

Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.

28

Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.

29

Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.