Эклезіяст 6

1

Ёсьць зло, якое я ўбачыў пад сонцам, і багата яго між людзьмі:

2

Бог дае чалавеку багацьце, і маёмасьць, і славу, і душы ягонай ніякай нястачы няма ані ў чым, чаго зажадае; ды ня даў яму Бог карыстацца з таго, а чужы чалавек спажывае: гэта — марнасьць і ліхая нядоля!

3

Калі б сотню людзей напладзіў чалавек і пражыў шмат гадоў і паможыліся дні яго веку, а душа яго ўцехі ня мела б з дабротаў і каб ня было яму і пахаваньня, я сказаў бы: неданосак шчасьлівейшы за яго,

4

бо дарма ён прыйшоў і ў цемру сышоў, і імя яго ўкрылася змрокам:

5

ані сонца ня бачыў і не спазнаў: яму спакайней, чым таму.

6

А той, хоць пражыў бы дзьве тысячы год і не насыціўся б дабром, ці ж не ў адно і тое месца ідзе?

7

Уся праца людская — для рота, а душа чалавека — не насычаецца.

8

Якая ж перавага ў мудрага над неразумным, якая — у гаротніка, што ўмее хадзіць, над тымі, што жывуць?

9

Лепей бачыць вачыма, чым душою блукаць. А гэта — таксама марнасьць і пагоня за ветрам!

10

Што існуе, таму дадзена ўжо найменьне, і вядома, што гэта — чалавек і што ня можа ён прававацца з тымі, якія мацнейшыя за яго.

11

Шмат ёсьць такога, што памнажае марнасьць: што ж чалавеку лепей?

12

Бо хто ведае, што чалавеку добра ў жыцьці, у безьлічы дзён марнага веку яго, якія праходзяць, бы цень? І хто чалавеку скажа, што будзе пад сонцам пасьля яго?