Эклезіяст 5

1

Ня будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай ня будзе сьпяшацца сказаць перад Богам слова, таму што Бог на небе, а ты на зямлі! Таму слова тваё хай ашчаднае будзе.

2

Бо як сны бачацца ад вялікае працы, так голас дурнога пазнаецца па пустаслоўі.

3

Калі даеш абяцаньне Богу, не замаруджвай выконваць яго, бо ня мае Ён упадабаньня да неразумных: што абяцаўся — зрабі.

4

Лепей табе не абяцацца, чым абяцаць і не зрабіць.

5

Не дазваляй тваім вуснам уводзіць у грэх тваё цела і не кажы перад анёлам Божым : "гэта — памылка!" Навошта табе, каб загневаўся Бог на слова тваё і зруйнаваў дзеі рук тваіх?

6

Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў — марнасьці шмат; а ты бойся Бога.

7

Калі ты ўбачыш у якім-небудзь краі ўціскі беднаму і парушэньне суду і праўды, дык ня зьдзіўляйся з гэтага, бо за высокім назірае вышэйшы, а над імі яшчэ вышэйшы;

8

а найвышэйшасьць краіны ёсьць цар, які дбае за ўсю краіну.

9

Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта — марнасьць!

10

Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваімі вачмі сузіраць?

11

Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа; а сытасьць багатаму спаць не дае.

12

Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе.

13

І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках у яго.

14

Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такі і адыдзе, якім прыйшоў, і нічога ня возьме ад працы сваёй, што мог бы панесьці ў руцэ сваёй.

15

І гэта нядоля балючая: які ён прыйшоў, такі адыходзіць. Якая ж карысьць яму, што працаваў ён на вецер?

16

А да таго ўсе дні свае еў ён у цемры, у вялікай дакуцы, скрусе й маркоце.

17

Вось яно, што я добрага і прыемнага бачыў: есьці і піць і добрае бачыць ва ўсёй сваёй працы, якую ён робіць пад сонцам ва ўсе дні свайго веку, якія даў яму Бог; бо гэта — ягоная доля.

18

І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык гэта — дар Божы.

19

Ня многа бо дзён жыцьця свайго мецьме на памяці; таму яго Бог адарае радасьцю сэрца ягонае.