Эклезіяст 3

1

Усё мае свой час, і гадзіна кожнае дзеі — пад небам.

2

Ёсьць час нарадзіцца, і час памерці, час насаджаць, і час вырываць пасаджанае.

3

Час забойства, і час гаеньня; час разбураць, і час будаваць;

4

час плачу, і час весялосьці; час бедаваць, і час танцаваць;

5

час раскідаць камяні, і час зьбіраць камяні; час абдымаць, і час ухіляцца абдоймаў;

6

час шукаць, і час губляць; час ашчаджаць, і час выкідаць;

7

час разьдзіраць, і час зашываць; час маўчаць, і час прамаўляць;

8

час кахаць, і час ненавідзець; час вайне, і час міру.

9

Якая карысьць таму, хто працуе, з таго, над чым ён працуе?

10

Бачыў я гэты клопат, які Бог даў сынам чалавечым, каб мелі сабе турботу.

11

Усё Ён цудоўным зрабіў сваім часам і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца.

12

Уведаў я, што няма ім нічога лепшага, як весяліцца і ў жыцьці сваім добрае толькі ўчыняць.

13

І калі які чалавек есьць і п'е і бачыць дабро ва ўчынках сваіх, дык гэта — дар Божы.

14

Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі; Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго.

15

Што было, тое ёсьць і цяпер, і што будзе, тое было ўжо; і пакліча Бог мінулае.

16

Яшчэ я пад сонцам пабачыў: месца суду — а там беззаконьне; месца праўды — а там няпраўда

17

І сказаў я ў сэрцы маім: "Судзіць будзе Бог праведнага і грэшнага; бо на кожную справу прызначаны час і на кожную дзею тваю".

18

Сказаў я ў сэрцы маім сынам чалавечым, каб Бог іх выпрабаваў і каб убачылі яны, што самі ў сабе яны — жывёлы:

19

бо доля ў сыноў чалавечых і доля ў жывёлін — доля адна; як паміраюць тыя, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханьне ва ўсіх, і няма ў чалавека над жывёлінаю перавагі, бо ўсё — марнасьць!

20

Усё ідзе ў адно месца; усё выйшла з тла, і ўсё вяртаецца ў тло.

21

Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўгору, а ці дух жывёл апускаецца долу, у зямлю?

22

І вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта — доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?