Эклезіяст 12

1

І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: "няма мне ад іх асалоды!",

2

пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу.

3

У той дзень, калі задрыжаць тыя, што дом ацаляюць, і сагнуцца мужы сілы; і перастануць малоць тыя, што мелюць, бо няшмат ужо іх засталося; і зацьмяцца тыя, якія глядзяць у акно;

4

і замыкацца будуць дзьверы на двор; калі аціхне гул жорнаў, і будзе ўставаць чалавек на пеўнеў крык, і замоўкнуць дочкі пяяньня;

5

і вышыні іх будуць палохаць, і на дарозе жахі; і міндаль зацьвіце, іў траве зьнярухомее конік, і рассыплецца каперс,— бо адыходзіць чалавек у вечны свой дом, і гатовыя абступіць яго плакальшчыцы на дарозе;—

6

пакуль не парваўся срэбраны ланцужок, і не разьбілася залатая чаша, і не разьбіўся збанок ля крыніцы, і не абвалілася кола над студняй.

7

І вернецца тло ў зямлю, чым і было яно; і вернецца дух да Бога, Які даў яго.

8

Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё — марнасьць!

9

Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ ведам. Ён усё выпрабоўваў, дасьледаваў і склаў многа прытчаў.

10

Стараўся Эклезіяст вышукваць зграбныя выслоўі і словы праўды напісаў слушна.

11

Словы мудрых — што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх — ад адзінага пастыра.

12

А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг — канца ім ня будзе, і многа чытаць — стамляецца цела.

13

Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым — усё.

14

Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.