Эклезіяст 10

1

Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.

2

Сэрца мудрага — праваруч, а сэрца бязглуздага — леваруч.

3

І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.

4

Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.

5

Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:

6

на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;

7

бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.

8

Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.

9

Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.

10

Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі — мудрасьць.

11

Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.

12

Слова з вуснаў мудрага — мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:

13

пачатак слоў зь яго вуснаў — глупства, а канец яго казані з вуснаў — шаленства.

14

Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?

15

Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі ў горад.

16

Гора табе, зямля, калі цар твой — дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!

17

Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!

18

Ад ляноты і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.

19

Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.

20

Нават і ў думках тваіх не правуй на цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылаты — казань тваю пераказаць.