Эклезіяст 1

1

Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.

2

Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, наймарнейшая марнасьць,— усё марнасьць!

3

Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?

4

Род прыходзіць, і род праходзіць, а зямля векавечна стаіць.

5

Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.

6

Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.

7

Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.

8

Усё існае — поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.

9

Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.

10

Бывае такое, пра што людзі кажуць: "Дзівіся, вось гэта новае"; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.

11

Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.

12

Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.

13

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.

14

Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё — марнасцьць і пагоня за ветрам!

15

Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.

16

Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.

17

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта — пагоня за ветрам.

18

Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.