Прытчы 9

1

Мудрасьць збудавала сабе дом, вы­секла сем слупоў ягоных,

2

закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;

3

паслала слуг сваіх клікаць з вышы­няў горада:

4

"хто неразумны, хай прыйдзе сюды!" А недавумкам сказала:

5

"ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;

6

адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці".

7

Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бяз­божніка — пляміць сябе.

8

Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;

9

дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.

10

Пачатак мудрасьці — страх Гас­подні, і спазнаньне Сьвятога — розум;

11

бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.

12

Сыне мой ! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і па­церпіш.

13

Жанчына бяз розуму — крыклівая, дурніца — ні ў чым не абазнаная,

14

сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,

15

каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:

16

"хто дурны, заварочвай сюды!", а неразумным кажа яна:

17

"вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны".

18

Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.