Прытчы 8

1

Ці мудрасьць не заклікае? і ці ро­зум ня ўзносіць свой голас?

2

Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;

3

яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:

4

"Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!

5

Навучэцеся, невукі, добрай разум­насьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.

6

Слухайце, бо я буду казаць важнае, і моўленьне вуснаў маіх — праўда.

7

Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць — гідота для вуснаў маіх;

8

усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;

9

усе яны простыя разумнаму і спра­вядлівыя тым, хто здабыў веды.

10

Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;

11

бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.

12

Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.

13

Страх Гасподні — ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступ­ныя вусны я ненавіджу.

14

У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.

15

Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.

16

Мною кіруюць уладыкі і вяль­можы, і ўсе судзьдзі праведныя.

17

Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;

18

багацьце і слава са мною — скарб нятленны, і праўда;

19

плады мае лепшыя за золата, і зо­лата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.

20

Я хаджу дарогаю праўды, сьцеж­камі правасудзьдзя,

21

каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я на­паўняю.

22

Гасподзь меў мяне ад пачатку да­рогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:

23

адвеку была я памазаная, ад па­чатку, ад правеку зямлі.

24

Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, бага­тых вадою.

25

Я нарадзілася перш, чым былі па­стаўлены горы, раней за пагоркі,

26

калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.

27

Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверх­няю бездані,

28

калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,

29

калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў ас­новы зямлі:

30

тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,

31

радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.

32

Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!

33

Паслухайце настаўленьня, і муд­рымі станьце, і не адступайцеся ад яго.

34

Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!

35

Бо, хто знайшоў мяне, той знай­шоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;

36

а хто грэшыць супроць мяне, учы­няе шкоду душы маёй: усе тыя, што не­навідзяць мяне, любяць сьмерць".