Прытчы 7

1

Сыне мой! памятай словы мае і за­паведзі мае захавай у сабе.

2

Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і на­вуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.

3

Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.

4

Скажы мудрасьці: "ты сястра мая!" і розум назаві родным тваім,

5

каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі дру­гога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.

6

Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,

7

і ўбачыў сярод нявопытных, угле­дзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,

8

які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,

9

у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.

10

І вось — насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,

11

узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;

12

то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.

13

Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:

14

"Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;

15

таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і — знайшла цябе.

16

Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;

17

спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.

18

Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;

19

бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;

20

кашалёк срэбра ўзяў з сабою; да­моў вернецца да дня поўні месяца".

21

Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.

22

Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,

23

пакуль страла не праніжа ван­тробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно — пагібель яе.

24

Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.

25

Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;

26

бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:

27

дом яе — дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.