Прытчы 5

1

Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,

2

каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.

3

Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;

4

але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,

5

ногі яе сыходзяць да сьмерці, сту­пакі яе дастаюць да апраметнай.

6

Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.

7

Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх.

8

Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе,

9

каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку;

10

каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом.

11

І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца,

12

і скажаш: "навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагард­жала,

13

і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да на­стаўнікаў?

14

Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха ся­род сходу і грамады!"

15

Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.

16

Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў — па плошчах;

17

хай яны будуць належаць табе са­мому, а ня чужым з табою.

18

Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй мала­досьці,

19

любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды.

20

І навошта табе, сыне мой, захап­ляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое?

21

Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго.

22

Беззаконнага ловяць уласныя без­законьні яго, і путамі грэху свайго ён па­вязаны.

23

Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблука­ецца.