Прытчы 4

1

Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца ро­зуму;

2

бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.

3

Бо і я быў сын у бацькі майго, пяш­чотна любімы і адзіны ў маці маёй.

4

І ён вучыў мяне і казаў мне: хай бу­дуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.

5

Здабывай мудрасьць, набывай ро­зум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!

6

Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.

7

Аснова мудрасьці: набывай муд­расьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.

8

Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;

9

ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок.

10

Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, — і памножацца гады твайго жыцьця.

11

Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых.

12

Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатык­нешся.

13

Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён — жыцьцё тваё.

14

Ня выходзь на сьцежку бяз­божнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх;

15

пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма.

16

бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня;

17

бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п’юць віно рабунку.

18

Сьцежка праведных — як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.

19

А шлях бязбожных — як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.

20

Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха;

21

хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго:

22

бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.

23

Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім — крыніца жыцьця.

24

Адкінь ад сябе ілжывасьць вуснаў, і круцельства языка адхісьні ад сябе.

25

Вочы твае хай наперад глядзяць, і позірк твой хай скіраваны будзе перад та­бою.

26

Абдумай сьцежку назе тваёй, і ўсе дарогі твае хай будуць пэўныя.

27

Ня ўхіляйся ні направа, ні налева; адвядзі нагу тваю ад ліхога.