Прытчы 31

1

Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:

2

што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?

3

Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.

4

Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям — сікеру,

5

каб, напіўшыся, яны не забылі за­кона і не перакруцілі суд усіх прыгнеча­ных.

6

Дайце сікеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;

7

хай ён вып’е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.

8

Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.

9

Размыкай вусны свае дзеля правас­удзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.

10

Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.

11

Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не за­станецца ён бяз прыбытку.

12

Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.

13

Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.

14

Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.

15

Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.

16

Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.

17

Апярэзвае сілаю сцёгны свае і ма­цуе мышцы свае.

18

Яна адчувае, што занятак яе до­бры, і — сьветач яе ня тухне і ўначы.

19

Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.

20

Далоню сваю яна растуляе бед­наму, і руку сваю падае ўбогаму.

21

Не баіцца сьцюжы для сям’і сваёй, бо ўся сям’я яе апранута ў двайную ад­зежу.

22

Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура — вопратка яе.

23

Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.

24

Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.

25

Моц і прыгажосьць яе — вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.

26

Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.

27

Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.

28

Устаюць дзеці — і дагаджаюць ёй, — муж, і хваліць яе:

29

"шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх".

30

Мілавіднасьць падманлівая і пры­гажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.

31

Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!