Прытчы 3

1

Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;

2

бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.

3

Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:

4

і здабудзеш мудрасьць і ласку ў ва­чах Бога і людзей.

5

Спадзявайся на Госпада ўсім сэр­цам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.

6

На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.

7

Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;

8

Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.

9

Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;

10

і напоўняцца засекі твае зь вер­хам, і чавільні твае будуць налівацца но­вым віном.

11

Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьця­рогі Ягоныя;

12

бо, каго любіць Гасподзь, таго ка­рае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.

13

Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!

14

Бо здабываньне яе лепшае за зда­бываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.

15

Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.

16

Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;

17

шляхі яе — шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе — мірныя.

18

Яна — дрэва жыцьця тым, што на­зываюць яе, — і шчасныя тыя, што ма­юць яе!

19

Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;

20

Яго мудрасьцю адчыніліся без­дані, і воблакі кропяць расою.

21

Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:

22

і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.

23

Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.

24

Калі ляжаш спаць, ня будзеш ба­яцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.

25

Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;

26

бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.

27

Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.

28

Не кажы сябру твайму: "ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам", калі маеш з сабою.

29

Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з та­бою.

30

Не сварыся з чалавекам бяз пры­чыны, калі ён не зрабіў табе благога.

31

Не зайздросьці посьпехам гвал­таўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,

32

бо Гасподзь грэбуе тым, хто рас­пусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.

33

Праклён Гасподні на дом бяз­божніка, а дом пабожнага Ён дабра­слаўляе.

34

Калі з блюзьнераў Ён на­сьміхаецца, дык пакорным дае мілату.

35

Мудрыя спадкуюць славу, а не­папраўныя немысьлі — ганьбу.