Прытчы 28

1

Бязбожнік бяжыць, калі ніхто ня гоніцца за ім; а праведнік адважны, як леў.

2

Калі краіна адступіцца ад закону, тады многа ў ёй начальнікаў; а пры ра­зумным і ўсяведным мужы яна даўгавечная.

3

Чалавек бедны і прыгнятальнік слабых тое самае, што праліўны дождж, які змывае хлеб.

4

Адступнікі ад закона хваляць бяз­божных, а тыя, што трымаюцца закону, абураюцца імі.

5

Злыя людзі не разумеюць спра­вядлівасьці, а шукальнікі Госпада разу­меюць усё.

6

Лепш бедны, які ходзіць у сваёй беззаганнасьці, чым той, хто выкручвае шляхі свае, хоць ён і багаты.

7

Хто захоўвае закон — сын разумны, а хто водзіцца з марнатраўцамі, той уводзіць у сорам бацьку свайго.

8

Хто памнажае маёмасьць сваю ро­стам і ліхвою, той зьбірае яе дабрачынцам бедных.

9

Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва — мярзота.

10

Хто зводзіць праведных на дарогу зла, сам упадзе ў сваю яму; а беззаганныя спадкуюць дабро.

11

Чалавек багаты — мудрэц у вачах сваіх, але разумны бядняк бачыць яго на­скрозь.

12

Калі трыумфуюць праведнікі, вялікая слава; але калі ўзвышаюцца бяз­божныя, людзі хаваюцца.

13

Той, хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець посьпеху; а хто прызнаецца і пакідае іх, той будзе памілаваны.

14

Шчасны чалавек, які заўсёды ў ст­раху Божым; а хто робіць жорсткім сэрца сваё, той трапляе ў бяду.

15

Як рыклівы леў і галодны мядзь­ведзь, так бязбожны валадар над бедным народам.

16

Неразумны валадар шмат чыніць крыўды; а той, які ненавідзіць ка­рысьлівасьць, падоўжыць дні.

17

Чалавек вінаваты ў крыві чалаве­чай, будзе ўцякаць да сьмерці, каб хто не схапіў яго.

18

Хто ходзіць беззаганна, той будзе ўратаваны; а хто ходзіць крывымі даро­гамі, упадзе на адной зь іх.

19

Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб; а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча.

20

Верны чалавек багаты на дабрасла­веньні; а хто сьпяшаецца разба­гацець, той не застанецца без пакараньня.

21

Зважаць на асобы — нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць крыўду.

22

Сьпяшаецца да багацьця зайзд­росьлівы чалавек, і ня думае, што галеча спасьцігне яго.

23

Хто дакарае чалавека, знойдзе большую прыязнасьць, чым той, хто лісьлівіць языком.

24

Хто абкрадвае бацьку свайго і маці сваю і кажа: "гэта ня грэх", той — саўдзельнік грабежнікаў.

25

Пыхлівец распальвае свару, а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў дабрадзе­нстве.

26

Хто спадзяецца на сябе, той нера­зумны; а хто ходзіць у мудрасьці, той будзе цэлы.

27

Хто дае жабраку, не зьбяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў.

28

Калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца; а калі яны падаюць, множацца праведнікі.