Прытчы 27

1

Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.

2

Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, — чужы, а не язык твой.

3

Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.

4

Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайзд­расьці?

5

Лепей адкрыты дакор, чым прыха­ваная любоў.

6

Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.

7

Сытая душа топча і соты, а галод­най душы ўсё горкае — салодкае.

8

Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.

9

Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сар­дэчнай ранай сваёй.

10

Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.

11

Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.

12

Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.

13

Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.

14

Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.

15

Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка — роўныя;

16

хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.

17

Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.

18

Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна слу­жыць гаспадару свайму, той будзе ў па­шане.

19

Як у вадзе твар — да твару, так сэрца чалавека — да чалавека.

20

Апраметная і Авадон — ненасыт­ныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.

21

Што плавільня — срэбру, горан — золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.

22

Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.

23

Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;

24

бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?

25

Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.

26

Авечкі — на вопратку табе, і казлы — на закуп поля.

27

І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.