Прытчы 26

1

Як сьнег летам і дождж у жніво, так гонар не пасуе неразумнаму.

2

Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.

3

Плётка каню, аброць аслу, а кій немыслю.

4

Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпа­добніўся яму;

5

а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.

6

Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь не­мысьля.

7

Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.

8

Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.

9

Што калючы бадзяк у руцэ ў п’янага, тое і выслоўе на вуснах у нера­зумнага.

10

Дужы робіць усё адвольна: і нера­зумнага ўзнагароджвае, і кожнага пра­ходжага ўзнагароджвае.

11

Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.

12

Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, — дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.

13

Гультай кажа: "леў на дарозе! леў на дварэ!"

14

Дзьверы паварочваюцца на заве­сах сваіх, а гультай на ложку сваім.

15

Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.

16

Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.

17

Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.

18

Як той, хто прыкідваецца вар’ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,

19

так — чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: "я толькі пажартаваў".

20

Дзе няма болей дроў, агонь пату­хае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.

21

Вугаль — на жар, дровы — на распал свары.

22

Словы нагаворшчыка — як прыс­макі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.

23

Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.

24

Вуснамі сваімі прыкідваецца во­раг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.

25

Калі ён гаворыць і пяшчотным го­ласам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.

26

Хто нянавісьць прыкрывае на са­моце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.

27

Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вер­нецца.

28

Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхту­юць падзеньне.