Прытчы 24

1

Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:

2

бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.

3

Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,

4

і праз гаспадарчасьць нутро яго на­паўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.

5

Чалавек мудры — дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.

6

Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.

7

Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён ву­снаў сваіх.

8

Хто намышляе зрабіць зло, таго на­зываюць зламысьнікам.

9

Намысел неразумнага — грэх, і блюзьнер — мярзота людзям.

10

Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.

11

Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?

12

Ці скажаш: "вось, мы ня ведалі гэ­тага?" А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.

13

Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:

14

такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.

15

Не намышляй ліха, бязбожнік, су­проць жытлішча праведнага; ня спустош­вай месца спакою ягонага.

16

Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.

17

Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.

18

Інакш убачыць Гасподзь, і не дас­падобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.

19

Не абурайся ліхадзеямі і не зайзд­росьці бязбожнікам:

20

бо ліхі ня мае будучыні — сьветач бязбожных патухне.

21

Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,

22

бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?

23

Сказана таксама мудрымі: зва­жаць на асобы ў судзе — нядобра.

24

Хто кажа вінаватаму: "твая праўда", таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;

25

а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх даб­раславеньне.

26

У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.

27

Зрабі справы свае па-за домам, за­кончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.

28

Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?

29

Не кажы: "як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку па­водле ўчынкаў ягоных".

30

Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.

31

І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.

32

І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:

33

"крыху пасьпіш, крыху падрэм­леш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;

34

і прыйдзе беднасьць твая, як раз­бойнік, і галеча твая — як чалавек уз­броены".