Прытчы 22

1

Добрае імя лепшае за вялікае ба­гацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.

2

Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.

3

Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.

4

За пакораю ідзе сьледам страх Гас­подні, багацьце і слава і жыцьцё.

5

Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.

6

Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і саста­рыцца.

7

Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.

8

Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.

9

Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.

10

Прагані блюзьнера, і зьнікне раз­лад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.

11

Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар — сябар.

12

Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.

13

Гультай кажа: "леў на вуліцы! ся­род плошчы заб’юць мяне!"

14

Глыбокая прорва — вусны рас­пусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.

15

Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.

16

Хто крыўдзіць беднага, каб пам­ножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.

17

Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ве­даў;

18

бо добра будзе, калі ты будзеш ха­ваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць такс­ама на вуснах тваіх.

19

Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.

20

Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў па­радах і ў настаўленьні,

21

каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?

22

Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;

23

бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.

24

Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,

25

каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.

26

Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.

27

Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.

28

Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.

29

Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад ца­рамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.