Прытчы 21

1

Сэрца цара ў руках у Госпада, як патокі водаў: куды захоча, Ён кіруе яго.

2

Усякі шлях чалавека просты ў вачах ягоных; а Гасподзь узважвае сэрцы.

3

Справядлівасьць і праўду чыніць — больш даспадобы Госпаду, чым ахвяра.

4

Гонар вачэй і пыха сэрца, сьветачы бязбожнікаў — грэх.

5

Задумы руплівага вядуць да дас­татку, а кожны сквапны церпіць нястачу.

6

Набываньне скарбу ілжывым язы­ком — мімалётная марнасьць тых, што шукаюць сьмерці.

7

Гвалт бязбожных абернецца су­проць іх, бо яны выракліся праўды.

8

Крывая дарога ў чалавека разбэш­чанага; а хто чысты, у таго ўчынкі пабож­ныя.

9

Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме.

10

Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны.

11

Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды.

12

Праведнік назірае за домам бяз­божніка: як упадаюць бязбожныя ў няш­часьце.

13

Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць — і ня будзе пачуты.

14

Дарунак таемны тушыць гнеў, а дарунак запазуху — моцную лютасьць.

15

Чыніць правасудзьдзе — радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло.

16

Чалавек, які зьбіўся з дарогі ро­зуму, спачне ў зборні мёртвых.

17

Хто любіць весялосьць — зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці — не разбагацее.

18

Выкупам будзе за праведнага бяз­божны, і за пабожнага — хітры.

19

Лепей жыць у зямлі пустэльнай, чым з жонкаю сварліваю і сярдзітаю.

20

Жаданы скарб і масьць — у доме ў мудрага; а неразумны чалавек распускае іх.

21

Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыцьцё, праўду і славу.

22

Мудры ўваходзіць у горад моцных і руйнуе цьвярдыню іхняй надзеі.

23

Хто беражэ вусны свае і язык свой, той асланяе ад бяды душу сваю.

24

Пыхлівы злодзей — блюзьнер імя яму — дзее ў запале пыхі.

25

Прагнасьць гультая заб’е яго, бо рукі ў яго адмаўляюцца працаваць;

26

кожны дзень ён моцна прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

27

Ахвяра бязбожных — агіднасьць, асабліва калі з хітрасьцю прыносяць яе.

28

Ілжывы сьведка загіне, а чалавек, які кажа, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.

29

Чалавек бязбожны дзёрзкі тварам сваім, а праведны трымае проста шлях свой.

30

Няма мудрасьці і няма розуму і няма вады — насуперак Госпаду.

31

Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад Госпада.