Прытчы 2

1

Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,

2

і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,

3

калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;

4

калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:

5

тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.

6

Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з ву­снаў Яго — веды і розум;

7

Ён дае праведным выратаваньне; Ён — шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.

8

Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.

9

Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.

10

Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:

11

тады разважлівасьць будзе бе­рагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,

12

каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,

13

ад тых, што пакідаюць дарогі про­стыя, каб хадзілі дарогамі цемры;

14

ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,

15

у якіх дарогі крывыя і якія блука­юць па сьцежках сваіх;

16

каб уратаваць цябе ад жонкі дру­гога, чужой, якая злагоджвае словы свае,

17

якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.

18

Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе — да мёртвых;

19

ніхто, увайшоўшы да яе, не вярта­ецца і ня ступае на дарогу жыцьця.

20

Таму хадзі дарогаю добрых і тры­майся сьцежкі праведнікаў,

21

бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;

22

а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.