Прытчы 19

1

Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.

2

Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.

3

Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Го­спада.

4

Багацьце памнажае сяброў, а бед­нага пакідае і сябар ягоны.

5

Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.

6

Многія дагаджаюць заможным; і кожны — сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.

7

Беднага ненавідзяць усе браты яго­ныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпада­юць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.

8

Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.

9

Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.

10

Ня прыстоіць неразумнаму рас­коша, тым болей рабу панаваньне над князямі.

11

Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная — паб­лажлівым да неразважлівых учынкаў.

12

Гнеў цара — як рык ільва, а ласка ягоная — як раса на траву.

13

Неразумны сын — пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка — сцёкавая рына.

14

Дом і маёмасьць — спадчына ад бацькоў, а разумная жонка — ад Госпада.

15

Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.

16

Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае — загіне.

17

Міласэрны да беднага пазычае Го­спаду; і Ён аддасьць яму за дабрачы­нства ягонае.

18

Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.

19

Чалавек вялікага гневу нясе пака­раньне; бо, калі пашкадуеш яго, давяд­зецца табе яшчэ больш караць яго.

20

Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.

21

Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.

22

Радасьць чалавеку — дабрачын­насьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.

23

Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.

24

Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.

25

Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі за­сьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.

26

Хто бацьку руйнуе і выганяе маці — сын бессаромны і ганебны.

27

Перастань, сыне мой, слухаць уга­воры ўхіліцца ад голасу розуму.

28

Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.

29

На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары — на цела дурных.