Прытчы 17

1

Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.

2

Разумны раб валадарыць над шала­путным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.

3

Плавільня — на срэбра, і гарніла — пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гас­подзь.

4

Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.

5

Хто ганіць убогага, той ганіць Го­спада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.

6

Вянок старых — сыны сыноў, і словы дзяцей — бацькі іхнія.

7

Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму — вусны ілжывыя.

8

Хабар — каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.

9

Хто прыкрывае правіну — шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.

10

На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.

11

Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.

12

Лепей сустрэць чалавеку мядзь­ведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.

13

Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.

14

Пачатак свары — як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.

15

Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага — абодва агідныя Госпаду.

16

Навошта скарб у руках у неразум­нага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.

17

Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.

18

Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.

19

Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шу­кае падзеньня.

20

Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.

21

Калі нарадзіў хто немысьля — сабе на гора, і бацька немысьля не пара­дуецца.

22

Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.

23

Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.

24

Мудрасьць — перад абліччам у ра­зумнага, а вочы неразумнага — на канцы зямлі.

25

Неразумны сын — прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.

26

Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.

27

Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.

28

І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замы­кае вусны свае.