Прытчы 16

1

Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.

2

Усе шляхі чалавека чыстыя ў яго­ных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.

3

Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.

4

Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.

5

Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.

6

Міласэрнасьцю і праўдаю ачышча­ецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.

7

Калі Госпаду падабаюцца шляхі ча­лавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.

8

Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.

9

Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.

10

У вуснах у цара — слова натхнё­нае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.

11

Правільныя вагі і вагавыя шалі — ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.

12

Агідная царам — дзея беззакон­ная, бо праўдай мацуецца трон.

13

Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць.

14

Царскі гнеў — весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго.

15

У ясным позірку цара — жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае — як воблака з позьнім дажджом.

16

Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра.

17

Шлях у праведных — унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.

18

Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню — пыха.

19

Лепей упакорвацца духам з лагод­нымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.

20

Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Го­спада, той шчасны.

21

Мудры сэрцам разумным наза­вецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.

22

Розум таму, хто мае яго, — крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных — дурнота.

23

Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.

24

Прыемная мова — сотавы мёд, са­лодкая душы і гойная касьцям.

25

Ёсьць шляхі, якія здаюцца чала­веку простымі, але канец іх — да сьмерці.

26

Працаўнік працуе на сябе, бо па­нукае яго рот ягоны.

27

Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь па­лючы.

28

Чалавек хітры сее разлад, а нага­воршчык разлучае сяброў.

29

Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;

30

прыплюшчвае вочы, каб прыду­маць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.

31

Вянок славы — сівізна на дарозе праўды.

32

Доўгацярплівы лепшы за адваж­нага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.

33

На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны — ад Госпада.