Прытчы 15

1

Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.

2

Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.

3

Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.

4

Лагодны язык — дрэва жыцьця, а неўтаймаваны — хвароба духу.

5

Неразумны пагарджае на­стаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.

6

У доме ў праведніка — мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага — разлад.

7

Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў — не.

8

Ахвяра бязбожных — агідная Го­спаду, а малітва праведных Яму даспа­добы.

9

Агіда Госпаду — шлях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.

10

Ліхая кара таму, хто скрывіць да­рогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.

11

Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.

12

Ня любіць распусьнік тых, што за­сьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.

13

Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.

14

Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.

15

Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.

16

Лепей мець мала ў страху Гас­поднім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.

17

Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім ня­навісьць.

18

Запальчывы чалавек абуджае раз­лад, а цярплівы суцішае свару.

19

Дарога ў гультая — як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.

20

Мудры сын радуе бацьку, а нера­зумны чалавек пагарджае маці сваёю.

21

Дурнота — радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.

22

Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.

23

Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!

24

Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.

25

Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.

26

Агіда Госпаду — намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падаба­юцца Яму.

27

Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.

28

Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.

29

Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.

30

Прымружвае вочы свае, каб прыдумаць хітрыну; закусваючы сабе губы, учыняе зладзейства.

31

Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.

32

Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьця­рогу, той набывае розум.

33

Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.